У Сербіі ўзмацняюцца пратэсты супраць прэзідэнта

Шматтысячны пратэстны марш адбыўся ў суботу, 29 снежня, у сталіцы Сербіі Бялградзе. На вуліцы горада выйшлі пратэстоўцы супраць прэзыдэнта краіны Аляксандра Вучыча, паведамляе Reuters.

Фота Reuters

Фота Reuters

Дэманстранты прайшлі па цэнтры сталіцы з плакатамі, скандуючы «Вучыч — злодзей!». Гэта ўжо чацвёртае пратэстнае шэсце ў сербскай сталіцы за апошнія тыдні, адзначае агенцтва. Пратэстоўцы патрабуюць свабоды СМІ, спынення нападак на журналістаў і апазіцыянераў.
Нагодай для хвалі пратэстаў стала збіццё ў канцы лістапада апазіцыйнага палітыка. Апаненты ўладаў сцвярджаюць, што атаку справакавала прамова Вучыча, у якой той раскрытыкаваў апазіцыянера.
Праціўнікі дзейнай улады таксама кажуць, што Вучыч усталяваў кантроль над галоўнымі СМІ краіны, а яго партыя карумпаваная. Сам прэзідэнт усе абвінавачванні абвяргае. Каментуючы пратэсты, Вучыч казаў, што гатовы абмеркаваць патрабаванні апазіцыі. «Я гатовы паглядзець, што выклікае незадаволенасць людзей», — прыводзіць агенцтва яго словы.
Кіруючая кааліцыя, якую ўзначальвае Сербская прагрэсіўная партыя Вучыча, зараз мае большасць у парламенце краіны (165 з 250 месцаў). Наступныя агульнанацыянальныя выбары адбудуцца ў Сербіі ў 2020 годзе. Апошнія сацапытанні, праведзеныя ў лістападзе, паказваюць, што партыю Вучыча падтрымліваюць 53,3% сербаў, у той час як іншыя партыі значна адстаюць.
Reuters заўважае, што пратэсты такога маштабу ў Сербіі з'яўляюцца даволі рэдкімі з моманту народных хваляванняў 2000 года, якія прывялі да адстаўкі Слабадана Мілошавіча з пасады прэзідэнта краіны.
rbc.ru