У Шчэціне беларусы пікетавалі офіс кампаніі «Yara Poland»

У Шчэціне 20 жніўня беларусы зладзілі палітычны пікет побач з офісам кампаніі Yara Poland, паведамляе «Беларускае Радыё Рацыя».

2021_08_21_ciareszka_szczecin.jpg


Арганізатар пікета Антось Койпіш зазначае:
«Беларуская дыяспара ў Шчэціне рабіла пікеты каля галоўнага прадстаўніцтва "Yara" ў Польшчы, якое якраз месціцца ў Шчэціне. Да нас здолела прыйсці больш за 30 беларусаў. Напрыканцы акцыі мы спрабавалі перадаць нашу петыцыю да прадстаўнікоў кампаніі "Yara". Галоўная мэта нашай акцыі — паўплываць на кампанію "Yara" праз яе прадстаўнікоў, якія, можа, не ўсе ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі. Таксама данесці да прадстаўнікоў іншых кампаній, якія маюць офісы ў тым жа самым будынку. Спадзяюся, што гэта можа мець уплыў на агульнае кіраўніцтва ў Нарвегіі».
Антось Койпіш дадае, што беларусы Шчэціна напісалі петыцыю адносна кампаніі «Yara», якая супрацоўнічае з рэжымам Лукашэнкі. «Yara Poland» супрацоўнічае і купляе калійную соль у «Беларуськалія», тым самым падтрымліваючы нелегітымны рэжым.
Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя