У Бразіліі прайшлі масавыя пратэсты супраць прэзідэнта

Больш за два мільёны бразільцаў выйшлі на акцыі пратэсту супраць карупцыі ў краіне і дзеючага прэзідэнта Дылмы Русеф.



brazilijoje_protestai_pries_prezidente_67438276.jpg

Foto: AP / Scanpix

Агулам антыўрадавыя мітынгі ахапілі 147 гарадоў краіны. Не засталіся абыякавымі да таго, што адбываецца і бразільцы, якія знаходзяцца за мяжой.

Самая буйная акцыя прайшла ў Сан-Паўлу, дзе, паводле ацэнак паліцыі, на вуліцы выйшла каля мільёна жыхароў. Людзі апрануліся ў колеры нацыянальнага сцяга — жоўты з зялёным, спявалі гімн і неслі транспаранты з патрабаваннямі справядлівасці і адстаўкі прэзідэнта Дылмы Русеф.

У сталіцы краіны, Бразіліа, сабраліся каля 45 тысяч пратэстуючых. Удзельнікі акцыі неслі клетку з імёнамі і фотаздымкамі высокапастаўленых чыноўнікаў, якія падазраюцца ў карупцыі, а таксама скандавалі словы падтрымкі суддзі Сержыу Мору і генпракурора краіны Радрыга Жаноту, якія расследуюць карупцыйныя схемы ў дзяржаўнай нафтавай кампаніі Petrobras.

Скандал вакол Petrobras цягнецца з сакавіка мінулага года. Былы кіраўнік нафтаперапрацоўчага падраздзялення кампаніі заключыў са следствам здзелку аб прызнанні віны, калі яго арыштавалі за адмыванне грошай у сакавіку 2014 года. Усяго да гэтага часу пад следствам апынуліся 12 сенатараў і 22 члена палаты дэпутатаў. Прычым усе яны, за выключэннем аднаго, знаходзяцца ў кіруючай кааліцыі цяперашняга прэзідэнта. Русеф узначальвала раду дырэктараў кампаніі Petrobras з 2003 па 2010 гады, калі і была дапушчана вялікая частка парушэнняў. Аднак прэзідэнт Бразіліі зараз адмаўляе, што ведала пра існаванне злачыннай схемы.

Паводле delfi.lt