У Грузіі інаўгурацыя новага прэзідэнта

Кандыдат ад кіруючай кааліцыі "Грузінская мара" атрымаў перамогу на выбарах, якія прайшлі 27 кастрычніка.



d6704ad8_17fe_4646_8ea7_9abb7194b486_w640_r1_s.jpg

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, за 44-гадовага Георгія Маргвелашвілі прагаласавалі больш за 62 працэнты выбаршчыкаў.

Цырымонія яго ўступлення на пасаду пройдзе ў двары былога будынка парламента ў Тбілісі. Чакаецца прысутнасць больш як 50 замежных дэлегацый. Папярэднік Маргвелашвілі на пасадзе, трэці прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі ўдзельнічаць у цырымоніі адмовіўся, ён спаслаўся на палітычныя рознагалоссі з новым кіраўніцтвам краіны.

Сёння ж у Грузіі ўступаюць у сілу папраўкі ў канстытуцыю, якія значна абмяжуюць уладу прэзідэнта на карысць прэм'ер-міністра і ўрада. Таксама, паводле зменаў, пасля інаўгурацыі абранага прэзідэнта дзейны ўрад павінны скласці свае паўнамоцтвы. Цягам сямі дзён Маргвелашвілі афіцыйна прадставіць на пасаду прэм'ера Іраклія Гарыбашвілі, якога цяперашні прэм'ер Бідзіна Іванішвілі назваў сваім пераемнікам.

Напярэдадні кіраўнік МЗС краіны Майя Панджыкідзэ заявіла, што на цырымонію інаўгурацыі ў Тбілісі прыедуць 53 афіцыйныя дэлегацыі, як ад сяброўскіх краін, так і міжнародных арганізацый, перадае РИА Новости. Паводле міністра, у Тбілісі прыедзе кіраўнік Літвы Даля Грыбаўскайце, якая будзе прадстаўляць не толькі сваю краіну, але і Еўразвяз, дзе Літва на гэты перыяд з’яўляецца старшынёй, прэм'ер-міністры Азербайджана і Аўстрыі, сем міністраў замежных спраў і прадстаўнікі ўрадаў.

Беларусь на інаўгурацыі прадстаўляе намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі.

www.svaboda.org