У Сірыі авіяўдарам пашкоджана крэпасць крыжакоў
Крэпасць Крак дэ Шэвалье ў сірыйскай правінцыі Хомс, занесеная ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, пашкоджана ў выніку авіяўдару.
Фота Bernard Gagnon, wikipedia
Пра гэта паведамляе ў суботу AFP са спасылкай на відэа відавочцаў, якія вінавацяць у тым, што адбылося, сірыйскія ВПС.
На адным з запісаў відаць, як пасля прамога трапляння выбухае вежа замку, што стаіць на ўзгорку. Іншы ролік паказвае разбурэнні, прычыненыя ўнутраным памяшканням, паведамляе агенцтва, — адтуліна ў столі і абломкі на падлозе.
У Назіральнай радзе па правах чалавека ў Сірыі пацвердзілі, што ў пятніцу па наваколлях замка былі нанесены тры авіяўдары. Паводле дадзеных праваабаронцаў, гэта было зроблена пасля паведамлення пра выкарыстанне замка паўстанцамі ў якасці сваёй базы.
***
Кракдэ Шэвалье лічыцца адной з найболей захаваных крэпасцяў гаспітальераў у свеце. Першапачаткова яе займаў курдскі гарнізон эміра Алепа, пазней яе двойчы захоплівалі крыжакі, якія ў выніку перадалі яе ордэну гаспітальераў.
Гаспітальеры аднавілі крэпасць і пабудавалі мноства дадатковых памяшканняў, ператварыўшы яе ў самую вялікую апору крыжакоў у Святой зямлі. У 2006 годзе разам з цытадэллю Саладзіна замак быў занесены ў спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.
Нагадаем, канфлікт у Сірыі працягваецца з сакавіка 2011 года. За гэты час, па дадзеных ААН, у краіне загінулі больш за 90 тысяч чалавек. У красавіку падчас сутыкненняў у Алепа быў разбураны мінарэт старажытнай Амейядскай мячэці, пабудаванай у VIII стагоддзі.