Украіна. Дэкамунізаваць банкноту
Нацыянальны банк Украіны паведаміў пра планы ўвесці новую банкноту наміналам 1000 грыўняў з выявай акадэміка Уладзіміра Вярнадскага.

Фота podrobnosti.ua
Між тым, Вярнадскі пры жыцці паспеў не толькі папрацаваць з украінскім гетманам Скарападскім, які даручыў яму стварыць нацыянальную акадэмію. Значна больш ён працаваў на Саветы, атрымаўшы ў якасці падзякі Сталінскую прэмію і асабняк на Арбаце.
У сувязі з гэтым некаторыя патрабуюць ад Нацбанка перагледзець папярэдняе рашэнне ў рамках закону пра дэкамунізацыю. Адначасова прапануюцца персанажы, якія больш вартыя ўпрыгожваць банкноты. Сярод іх — дысідэнт Пётр Грыгарэнка, міфічны казак Мамай і нават крымска-татарскі хан. Самая арыгінальная прапанова — змясціць на купюру чорны квадрат Малевіча, якога ў Кіеве лічаць украінцам.
Зрэшты, большасць людзей цікавяць не малюнкі на новай купюры, а тое, як яе з’яўленне адаб’ецца на цэнах. Тым больш, што паралельна Нацбанк заявіў: з ужытку выводзяцца манеты 1, 2, 5 і 25 капеек. Зрэшты, эканамісты абяцаюць, што новыя грошы ніяк не паўплываюць на рост цэнаў.
Паводле ўкраінскай прэсы