Украіна. На Майдане забівалі людзі Клічко?

Пяцігадовы юбілей перамогі Еўрамайдана не абышоўся без сенсацый.

Фота politeka.net

Фота politeka.net

Адну з іх прапанаваў Алег Цароў — ён калісьці быў сярод лідараў Партыі рэгіёнаў, а цяпер жыве ў Расіі. У межах прэс-канферэнцыі ён прапанаваў сваю версію першых забойстваў на Майдане.

Паводле яго, забойствы здзейсніла служба бяспекі Віталя Клічко, якую ўзначальваў экс-кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка. Перад апошнім, нібыта, паставілі задачу — надаць падзеям на Майдане міжнародны статус за кошт смерцяў неўкраінцаў.

Ахвярамі Налівайчанкі ў выніку апынуліся ўкраінец армянскага паходжання Сяргей Нігаян і беларус Міхаіл Жызнеўскі. Версія Царова досыць хісткая не толькі праз палітычную ангажаванасць яе аўтара.

Стварэнне і фінансаванне «эскадронаў смерці» не вельмі пасуе стылю Віталя Клічко. У дадатак рэзананс маглі выклікаць забойствы больш-менш вядомых асобаў. Калі Сяргей Нігаян, які пранікнёна чытаў у інтэрнэце вершы Шаўчэнкі, яшчэ меў нейкі статус, то імя Жызнеўскага на той час наўрад ці каму-небудзь штосьці казала.

Зрэшты, падобныя версіі будуць узнікаць рэгулярна, пакуль не будзе скончана расследаванне забойстваў на Майдане. Тое, што за пяць гадоў пасля падзей у Кіеве ўкраінскае правасуддзе так не прад’явіла абвінавачванні канкрэтным падазраваным, арганізацыя Amnеstу International напярэдадні юбілею назвала «ганьбай».

Паводле ўкраінскай прэсы