Украіна павінна неадкладна спыніць імпарт электраэнергіі з Расіі і Беларусі — Юлія Цімашэнка
Уласных магутнасцей па вытворчасці электраэнергіі ў Украіне больш чым дастаткова, каб забяспечыць усе патрэбы краіны, адзначыла лідарка партыі «Батьківщина» Юлія Цімашэнка.
З 3 студзеня 2021 года Украіна аднавіла закупку электраэнергіі ў Беларусі з АЭС у Астраўцы. Аднак Юлія Цімашэнка перакананая, што гэта было памылковае рашэнне.
Татальная карупцыя і непрафесіяналізм улады прывялі да імпарту электраэнергіі з Расіі і Беларусі. А гэта разбурае ўкраінскую энергасістэму. Пра гэта заявіла ў эфіры тэлеканала «Украіна 24» лідарка партыі «Батьківщина» Юлія Цімашэнка.
«Гэта называецца "карупцыя". Іншага слова няма. Чаму гэта не робіцца? Таму што карупцыя, таму што непрафесіяналізм, таму што падвойныя стандарты», — заявіла Цімашэнка.
Яна адзначыла, што ўласных магутнасцей па вытворчасці электраэнергіі ў Украіне больш чым дастаткова, каб забяспечыць усе патрэбы краіны.
Варта нагадаць, што яшчэ ў 2019 годзе народны дэпутат ад «Еўрапейскай салідарнасці», сябар міжфракцыйнага дэпутацкага аб'яднання «Энергетычная незалежнасць і бяспека Украіны» Міхаіл Бондар заяўляў, што за імпартам электраэнергіі з Беларусі можа хавацца непрамая пастаўка з Расіі.
«У нас магутнасцей на вытворчасць электраэнергіі ва Украіне ў два разы як мінімум больш, чым мы сёння спажываем. Гэта значыць, нам сваю электраэнергію няма куды падзець. А цяпер адкрылі цалкам шлюзы і пачынаюць пастаўляць электраэнергію з Беларусі і з Расіі. Ну дзе розум?» — заявіла Цімашэнка.
Украінскі палітык падкрэсліла, што ўлада павінна неадкладна спыніць імпарт электраэнергіі з Расіі і Беларусі: «Што найперш трэба зрабіць сёння — а пажадана ўчора, — неадкладна закрыць імпарт электраэнергіі з Беларусі і з Расіі», — сказала яна.
Паводле gordonua.com