Урад Літвы працягне працу ў ранейшым складзе, нягледзячы на скандал з перавозкай беларускіх грузаў

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце паведаміла аб тым, што ўрад краіны захавае свой цяперашні склад.

28420791_5ce9_469b_b234_88f960cd6c4b_w1023_r1_s_1.jpg


«Аб’ектыўная рэальнасць, ва ўмовах якой даводзіцца працаваць — пандэмія COVID-19, якая не спыняецца, і арганізаваны Лукашэнкам паток мігрантаў, скіраваны на ціск на ЕС — дыктуе свае выклікі і прымушае большую частку часу аддаваць вырашэнню гэтых праблем. Нягледзячы на гэта, ураду ўсё ж удалося прыняць і пачаць ажыццяўленне большай часткі мер праграмаў, запланаваных на гэты год. Я лічу гэта вялікай перамогай», — цытуе Інгрыду Шыманіце Радыё Свабода.

Яна асобна спынілася на скандале вакол Літоўскай чыгункі з атрыманнем авансу ад «Беларуськалія», які трапіў пад санкцыі.

«Падкрэсліваю, урад паслядоўна падтрымліваў, а часцей і сам актыўна дамагаўся ўвядзення санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і ніколі не дамагаўся выключэння з санкцыйнага спісу асобных тавараў/суб’ектаў — нават у тых выпадках, калі гэта азначала адмову ад камерцыйных стасункаў. Таму падазрэнні, быццам урад хацеў любой цаной захаваць перавозку тавараў, якія пакуль не ўключаны ў еўрапейскі санкцыйны спіс, беспадстаўныя — з самага пачатку тэрміну паўнамоцтваў пытанне дыверсіфікацыі перавозак і зніжэння рызыкаў, звязаных са здзелкамі з суб’ектамі, якія не ўваходзяць у прастору, дзе вышэй за ўсё стаяць законы, былі ў ліку галоўных задач дзяржаўных кампаній».

Пасля таго як былі абвешчаныя санкцыі ЗША, якія наўпрост не ўплываюць на літоўскія суб’екты, але могуць адбівацца ўскосна, галоўнай задачай літоўскага ўраду было «знайсці найменш рызыкоўны спосаб спынення неадназначных адносін “Літоўскай чыгункі” з “Беларуськаліем”».

«Дзяржаўныя ведамствы кансультавалі “Літоўскую чыгунку” і аказвалі кампаніі дапамогу ў падрыхтоўцы да ўздзеяння гэтых санкцый, аднак ні дзяржведамствам, ні кампаніі не ўдалося справіцца з пытаннем, як і ў якія тэрміны ўдасца скасаваць гэтую здзелку. Гэта шкода рэпутацыі, якую я прызнаю, аб якой шкадую», — дадала Шыманіце.

Прэм’ер-міністарка Літвы спадзяецца, што не пазней за 31 студзеня краіна падасць свае нацыянальныя рашэнні гэтай сітуацыі і прапануе далейшыя санкцыі супраць рэжыму, які ўтрымлівае ўладу ў Беларусі.

Раней скандал вакол «Літоўскай чыгункі» стаў прычынай таго, што міністры замежных спраў Габрыелюс Ландсбергіс і транспарту Марус Скуодзіс падалі прэмʼерцы заявы аб адстаўцы. Ігрыда Шыманіце паведаміла, што здолела пераканаць абодвух забраць заявы і працягнуць працу.