Уругвай. Рок-зорка дабілася легалізацыі марыхуаны
Прэса сцвярджае, што менавіта вядомы брытанскі рок-музыка Стынг праштурхнуў ва Уругваі закон аб легалізацыі марыхуаны. Як сцвярджаюць газетчыкі, законапраект не атрымаў бы падтрымкі парламентарыяў без моцнай прапагандысцкай кампаніі, якую арганізаваў Drug Policy Alliance.
Drug Policy Alliance — няўрадавая арганізацыя з ЗША, якая выступае за лібералізацыю антынаркатычных законаў.
Паколькі ў ЗША шансаў праштурхнуць такі закон няшмат, Drug Policy Alliance намагаецца працаваць за мяжой. І працуе някепска, з улікам таго, што дабіўся легалізацыі марыхуаны ва Уругваі — краіне, дзе 63 працэнты грамадзян выступаюць супраць падобнай меры.
На думку правай апазіцыі, большасць дэпутатаў пагадзілася галасаваць «за», каб трапіць у кампанію асабістых сяброў Стынга, які як сябра кіраўніцтва Drug Policy Alliance агітаваў за новы закон.
Сам Стынг не каментуе абвінавачанне. У сваю чаргу, аўтары закона кажуць, што выратавалі Уругвай ад наркавойнаў, якія страсаюць краіны Лацінскай Амерыкі. Так, у Мексіцы ў мінулым годзе ў выніку разборак паміж наркамафіяй і паліцыяй былі забітыя 70 тысяч чалавек.
Паводле іспанскай прэсы