Вайна за вайну

Стогадовая гадавіна Першай сусветнай вайны стане яшчэ адным сур’ёзным выклікам еўрапейскаму адзінству. Неяк Ангела Меркель заявіла, што крызіс еўразоны ёй нагадвае апошнія дні перад пачаткам Першай сусветнай вайны  



629.jpg

На думку канцлера ФРГ, паводзіны цяперашніх еўрапейскіх эліт вельмі падобныя на ўчынкі лідараў сто год таму. Яны ўпарта адмаўляюцца прызнаць, што катастрофа набліжаецца і трэба прымаць меры. Вынікам такой палітыкі, па словах канцлера, можа стаць тое, што «еўра проста выбухне ў паветра».

Журналісты лічаць, што канцлер мае рацыю. Кідаецца ў вочы нежаданне ўрадаў краін ЕС прызнаць, што іх эканоміка рана ці позна выбухне. Больш таго, эпапея выратавання еўразоны шмат каго з палітыкаў настолькі дастала, што некаторыя жадаюць, каб гэта хутчэй скончылася. Нечым гэта нагадвае калектыўныя настроі ў Еўропе напярэдадні 1 жніўня 2014 года. Не дарма Томас Ман пісаў, што тая вайна была ўспрынята яго генерацыяй як «вызваленне» ад усіх былых праблем і трывог.

Як і сто год таму, у шматлікіх кранах Еўропы зашкальвае нацыяналізм. Дыктат Брусэля і Берліна, які ўплывае на эканамічную палітыку ЕС, выклікае ў краінах адваротную рэфлексію, якая набывае германафобскі прысмак, як у 1914-м. Нямецкае выданне «Der Spiegel» канстатуе: «У 2014-м мы ўсе даведаемся пра тое, што акрамя немцаў і так усе ведаюць. Няма ніякага агульнаеўрапейскага гістарычнага кансэнсусу, няма ніякай агульнай ідэі Еўропы сярод народаў, якія на роўных правах заключылі саюз. Першая сусветная вайна, якая пачалася 100 гадоў і скончылася 96 гадоў таму, да гэтага часу разглядаецца і ацэньваецца выключна з нацыянальнага пункту гледжання. Гэта можа быць кепска, і, магчыма, такі падыход будзе мяняецца, але трэба прызнаць, што цяпер гэта тое, што мы маем».

Адсутнасць кансенсусу ў поглядзе на гісторыю Першай сусветнай вайны значыць, што юбілей будзе на сто працэнтаў выкарыстаны нацыяналістамі, якія патрабуюць замарожвання працэсу еўраінтэграцыі.

Еўраскептыкі ўжо спрабуюць рабіць піяр на Першай сусветнай вайне. Не так даўно Майкл Гоў (Мichael Gove), брытанскі міністр адукацыі ва ўрадзе кансерватараў, выступіў з незвычайнай заявай. Ён раскрытыкаваў шэраг кіна- і тэлетвораў, прысвечаных Першай сусветнай вайне. На яго думку, гэтыя фільмы перакручваюць той факт, што для Вялікабрытаніі Першая сусветная была справядлівай вайной супраць пагрозы нямецкаму дамінаванню.

Як не смешна, аднак найбольш ад міністра дасталася Містэру Біну, а дакладней, славутаму актору Роўэну Аткінсану. Гэты комік таксама вядомы як выканаўца галоўнай ролі ў серыяле «Чорная гадзюка». Гэта серыял пра прыгоды ў розных гістарычных эпохах антыгероя Эдмунда Блэкэдэра, ролю якога выконвае Аткінсан. Падзеі чацвёртай часткі праходзяць у траншэях Першай сусветнай вайны, недзе ў Фландрыі, дзе Блэкэдэр — пяхотны афіцэр брытанскага экспедыцыйнага корпусу. Сюжэт амаль усіх серый чацвёртага сезона круціцца вакол плану рашучага наступу на нямецкія пазіцыі, які вось-вось павінен пачацца. Герой Роўэна Аткінсана рознымі сродкамі супрацьстаяць спробам даслаць яго на верную гібель — штурм варожых пазіцый. Пры гэтым высмейваецца як брытанскі патрыятызм, так і сама армія і вайна.

Нягледзячы на тое, што «Чорная гадзюка» лічыцца класікай брытанскай камедыі (16-е месца ў спісе самых смешных камедыйных серыялаў у гісторыі), Майкл Гоў называе серыял «ганебным» і «антыпатрыятычным». Па словах чыноўніка, падчас святкавання юбілею Вялікай вайны толькі «заўзятыя цынікі могуць казаць пра тое, што брытанскія салдаты былі ідыётамі, паколькі дазволілі даслаць сябе ў бой».

Інтарэс да нацыяналістычнай міфалогіі Першай сусветнай вайны расце і ў Германіі. Тут бестселерам стала кніга аўстралійскага гісторыка Крыстафера Кларка «Лунацікі», якая спрабуе дакапацца да адказу на пытанне, як еўрапейскія эліты дазволілі выбухнуць такому глабальнаму і, як высвятляецца зараз, шмат у чым штучнаму канфлікту?

Увогуле, кніга напісаная для брытанскага чытача і з’яўляецца правакацыяй супраць мясцовай артадаксальнай гістарыяграфіі. Яе змест разбурае папулярны ў Англіі міф пра тое, што Вялікабрытанія, у адрозненне ад Германіі, не нясе ніякай адказнасці за развязанне той вайны.

Аўтар «Лунацікаў» абараняе тэорыю пра тое, што краіны Антаты таксама былі ў 1914-м далёка не белыя і пухнатыя». Так, ён звяртае ўвагу на канфлікт Расіі і Англіі ў Персіі і на межах Індыі.

На яго думку, не Берлін, а Лондан у выніку справакаваў вайну, паколькі хацеў адцягнуць інтарэс Расійскай імперыі ад праекту выхаду да Індыйскага акіяну.

У Вялікабрытаніі кніга чамусьці шуму не нарабіла. Затое ў Германіі яна карыстаецца вялікім попытам. Прычына інтарэсу перш за ўсё палягае ў тым, што такая версія супярэчыць прынятай на афіцыйным узроўні ў ФРГ канцэпцыі т. зв. «Догмы віны».

Адпаведна ёй, аўтарам Першай сусветнай былі немцы, і таму для немцаў ганебны Версальскі мір не можа разглядацца як нешта брутальнае. З такой пазіцыі ў ФРГ была атакаваная нацысцкая прапаганда, якая будавалася менавіта на тэзісе пра тое, што немцы як зняважаная Версалем нацыя мелі права выступаць супраць тагачаснага ўстрою Еўропы.

Аднак наўрад ці поспех «Лунацікаў» у Германіі звязаны з незвычайнай для немцаў трактоўкай гісторыі. Відавочна, сваю ролю згуляў рост нацыяналізму, які, як правіла, носіць характар крытыкі эканамічнага курсу кабінетаў Ангелы Меркель. Нямецкія бюргеры лічаць, што за іх падаткі на халяву жывуць грэкі, іспанцыі і іншыя народы краін ЕС, якія пацярпелі праз крызіс сваіх эканомік. Аргументуючы такую опцыю, нямецкія правыя таксама праводзяць паралелі з Першай сусветнай вайной.

«У сваёй кнізе аб пачатку Першай сусветнай вайны аўстралійскі гісторык Крыстафер Кларк называе палітыкаў 1914-га «нашы сучаснікі». Яны ведалі, што гулялі з агнём, і ўсё ж яны спрабавалі выкарыстаць небяспечныя рэчы для іх уласнай выгады. Так паводзяць сябе і тыя, хто адказвае за выратаванне еўра. Ангела Меркель, на першы погляд, не ёсць увасабленнем Вільгельма Другога, аднак яе знешнасць зманлівая. Як калісьці кайзер, Меркель гуляе ў рызыкоўную гульню, у выніку якой немцы могуць страціць не менш, чым страцілі ў Першай сусветнай», — піша «Junge Freiheit».

Відавочна, што прыхільнікам еўраінтэнграцыі аператыўна патрэбна свая канцэпцыя, якая не дазволіць еўраскептыкам інструменталізаваць 100-ю гадавіну пачатку Першай сусветнай вайны. Больш-менш яна нават зразумелая. Як адзначае «Der Spiegel», урок Першай сусветнай вайны — у тым, што з-за адсутнасці адзінства ў той вайне згубіла ўся Еўропа.