Вар’яцкая Азіяда
Туркменістан, дзе ўчора стартавалі Пятыя Азіяцкія гульні ў закрытых
памяшканнях і па баявых мастацтвах — так званая Азіяда — прадэманстраваў, чым для народа абарочваюцца гульні ўладаў.
Адразу трэба абмовіцца — вар’яцтва, якое назіраецца ў Туркменістане, шмат у чым тлумачыцца тым, што права праводзіць тую Азіяду Ашхабад атрымаў у «тлустыя часы», калі цэны на газ — асноўны артыкул экспарту — былі досыць высокімі. Але прыкладна пару гадоў таму цэны на «блакітнае золата» знізіліся. Паводле дадзеных Азіяцкага банка развіцця, гэта прывяло да змяншэння росту ВУП з 11,1 працэнта ў 2012 годзе да 6,2 працэнта ў 2016-м.
У краіне, дзе з кожнага праса кажуць пра поспехі, адмова ад правядзення Азіяды відавочна пагражала падрывам аўтарытэта кіраўніка краіны Гурбангулы Бердымухамедава. Таму падрыхтоўку вырашылі працягваць, а ўсе праблемы вырашаць за кошт грамадзян. Як следства, на спаборніцтвы давялося скідвацца ўсім. Ахвярамі добраахвотна-прымусовага збору сталі бюджэтнікі. Яны ў сярэднім пералічвалі на спорт 10–20% месячнага заробку.
Адначасова быў усталяваны штосутачны ліміт валюты, якую можна здымаць з карткі, а таксама ўведзеныя абмежаванні на атрыманне любых сродкаў наяўнымі — заробкаў, пенсій, сацыяльнай дапамогі. Урад у дадатак запрапанаваў перайсці на безнаяўны разлік і абавязаў усе гандлёвыя кропкі і аб’екты абзавесціся неабходным абсталяваннем.
Свой унёсак у гульні зрабілі (або, дакладней, зробяць) і дзеці. Новы навучальны год 2017–2018 у школах Ашхабада пачаўся 1 ліпеня, а першая чвэрць скончылася ў канцы жніўня. Цяпер у школьнікаў фармальна — месяц вакацый, але адпачываць ім наўрад ці давядзецца: навучэнцаў малодшых класаў адправяць на масоўку, а старэйшыя вучні будуць валанцёрамі Азіяды. Наступная чвэрць у школах пачнецца 1 кастрычніка.
Зрэшты, усё гэта дробязі на фоне праблем жыхароў кварталаў, дзе вырашылі ўзвесці спартыўныя аб’екты. Каб пабудаваць інфраструктуру, давялося знесці каля дзесяці тысяч прыватных дамоў. Для правядзення спартыўных спаборніцтваў у Ашхабадзе пабудаваны алімпійскі комплекс коштам 5 мільярдаў долараў ЗША і новы міжнародны аэрапорт коштам 2 мільярды долараў.
Мясцовым на шматлікія турыстычныя аб’екты ўваход забаранілі. Прычына простая — у гандлёвых цэнтрах ёсць поўны асартымент тавараў, якіх няма ў звычайных крамах. У тым ліку алкагольныя напоі і цыгарэты па 3 долары за пачак (пасля фактычнай забароны на продаж цыгарэт, пачак высакаякаснага тытуню каштуе ў краіне прыкладна 18–20 долараў). Акрамя таго, для гасцей сталіцы ладзяць асобныя вечарыны, на якіх можна танчыць аж да 4–5 гадзін раніцы. Мясцовыя начныя клубы павінны зачыніцца а 23-й гадзіне вечара.
Дарэчы, і без наступстваў эканамічнага крызісу гульні наўрад ці абышліся б без незвычайных кур’ёзаў. Туркменістан — вельмі аўтарытарная краіна. Таму захады дзеля бяспекі зашкальваюць. У канцы жніўня з Ашхабада ў рэгіёны Туркменістана паступілі спісы асобаў, якія патрабуюць пільнай увагі з боку сілавых структур. Фігурантамі спісаў былі людзі, якія мелі судзімасці, стаяць на ўліку ў паліцыі як дэбашыры, алкаголікі, наркаманы. У спіс патэнцыйна небяспечных трапілі ўсе, хто стаіць на ўліку ў мясцовых псіхіятрычных дыспансерах. Для страхоўкі ў тыя ж спісы былі ўключаны і іх сваякі.
Усіх абавязалі прыйсці ў паліцэйскія ўчасткі, дзе іх павінны сфатаграфаваць, — і там яны падпішуць нейкі дакумент. Паведамлялася, што асобам, якія мелі судзімасць, забаранілі наведваць спартыўныя мерапрыемствы.
Досыць незвычайным выглядае і рэжым у Ашхабадзе на час правядзення Азіяды. У сталіцу забаранілі ўезд аўтамабіляў з правінцыі. Цяпер правінцыялам даводзіцца пакідаць сваё аўто з іншагароднімі нумарамі на стаянцы пры ўездзе ў горад. Таксама па Ашхабадзе забаронена перамяшчацца на старых аўтамабілях, таму на штрафпляцоўках — сотні старых «Жыгулёў». У межах падрыхтоўкі да Азіяцкіх гульняў паліцыя выправаджвае з горада «кепска апранутых» людзей, якія маглі б падмачыць імідж сталіцы.
Як бачна, туркменскія ўлады рабілі ўсё, каб стварыць на час гульняў «вітрыну для турыстаў». Аднак усе гэтыя намаганні могуць мець незвычайны вынік. Як пішуць туркменскія апазіцыйныя сайты, каскад непапулярных захадаў стварыў у краіне беспрэцэдэнтную рэвалюцыйную атмасферу, якой не было за ўсе часы існавання дыктатуры. У гэтым кантэксце ад Азіяды можна чакаць самых розных сюрпрызаў.