Венесуэла. Праз ёгу да міру

Днямі ўлады Венесуэлы і апазіцыя вырашылі пачаць дыялог. І, як высвятляецца, тут не абышлося без ёгі.

Фота EPA

Фота EPA

Справа ў тым, што не так даўно венесуэльскі гарант Нікалас Мадура трапіў пад уплыў вядомага індыйскага гуру Шры Шры Раві Шанкара. Гэты індус — вельмі арыгінальная асоба. Ён прыдумаў тэхніку для дыхання, якая дапамагае здымаць стрэс і нармалізаваць псіхіку. Сваю тэхніку Раві Шанкар выкладае ў рамках курсаў «Мастацтва жыцця», якія маюць шалёную папулярнасць у свеце, і нават цікавяць сур’ёзных навукоўцаў.

Паўплываў гуру і на Мадура, які 10 ліпеня прыняў яго ў сваёй прэзідэнцкай адміністрацыі ў Каракасе. Сустрэча прэзідэнта і «жывога бога» (так называюць Шры Раві Шанкара яго адэпты) скончылася сумесным сеансам тэрапіі.

Мадура пасядзеў у позе лотаса — і прапанаваў гуру стаць медыятарам у яго перамовах з апазіцыяй. І, як піша прэса, гуру ўжо пачаў адпаведныя кансультацыі праз Іспанію.

Чым скончыцца гэты эксперымент, цяжка прагназаваць — у тым ліку праз супярэчлівасць асобы Шанкара. Паводле плётак, гуру мае кантакты з парамілітарнымі групоўкамі індускіх нацыяналістаў.

Акрамя таго, Шры Шты Раві Шанкару ўласцівыя яўна экстравагантныя ўяўленні наконт палітыкі. Напрыклад, неяк ён сцвярджаў, што талібы, калі вывучаць яго тэхніку дыхання, самі складуць зброю і адмовяцца ад экстрэмісцкіх забабонаў.

Паводле французскай прэсы