Венесуэла: падрыхтоўка да рэферэндуму аб адстаўцы Мадура прыпынена
Суд Венесуэлы прыпыніў на няпэўны тэрмін падрыхтоўку да рэферэндуму па пытанні датэрміновага спынення паўнамоцтваў прэзідэнта краіны Нікаласа Мадура.
Нацыянальны выбарчы савет растлумачыў, што такое рашэнне было прынята ў сувязі з цэлым шэрагам судовых вердыктаў, вынесеных у дачыненні да парушэнняў, дапушчаных падчас першага этапу збору подпісаў за правядзенне плебісцыту. Такія меры падтрымліваюць прыхільнікі ўрада. Яны правялі шматтысячны мітынг у штаце Монадас.
«Мы перакананыя ў тым, што тут, у Венесуэле, павінна перамагаць правасуддзе. І тыя, хто здзяйсняе парушэнні, павінны адказваць за іх перад судом, у дачыненні да іх павінна весціся расследаванне», — заявіў дэпутат ад партыі Рух за пятую рэспубліку Дыёсдада Кабела.
Суд таксама забараніў выязджаць з краіны вядомаму апазіцыянэру Энрыке Капрылесу, губернатару штата Міранда. Палітык паведаміў пра гэта ў чацвер раніцай на сваёй старонцы ў сетцы мікраблогаў Twitter.
Капрылес — адзін з ініцыятараў руху за правядзенне рэферэндуму аб адстаўцы Мадура, які вывеў на вуліцы сотні тысяч чалавек. У ходзе першага этапу збору подпісаў у чэрвені апазіцыя Венесуэлы сабрала патрабаваны 1% дакладных галасоў выбаршчыкаў і пачала рыхтавацца да збору 20%, неабходных для другога этапу. Калі б ёй удалося гэта зрабіць, то па канстытуцыі праз тры месяцы пасля зацвярджэння подпісаў магло быць прызначана ўсенароднае галасаванне.
Паводле euronews