Вярхоўны суд ЗША: справы аб сексуальных дамаганнях можна ўзбуджаць супраць навучальных устаноў

У ЗША некалькі гадоў не сціхае дыскусія наконт таго, ці адказныя школы і ўніверсітэты за сексуальны гвалт, праз які праходзяць вучні і студэнты — нават калі ён здзейснены па-за сценамі ўстаноў. Сёння Вярхоўны суд ЗША паставіў кропку ў гэтай дыскусіі: навучальныя ўстановы могуць несці адказнасць у такіх выпадках.

Вярхоўны суд ЗША. Фота: wikipedia.org

Вярхоўны суд ЗША. Фота: wikipedia.org


Вярхоўны суд ЗША ў панядзелак адхіліў заяўкі акруговай школы ў Вірджыніі і Універсітэта Таледа ў Агая, каб пазбегнуць судовых позваў аб сексуальных дамаганнях, пададзеных вучнямі ў адпаведнасці з законам, які забараняе дыскрымінацыю па прыкмеце полу ў школах, што атрымліваюць федэральныя сродкі, піша агенцтва «Reuters».
Суддзі ў абодвух выпадках адмовіліся разглядаць апеляцыі на рашэнні судоў ніжэйшай інстанцыі, якія дазволілі працягнуць разгляд позваў. Школьны савет акругі Фэрфакс у Вірджыніі, прыгарадзе Вашынгтона, і Універсітэт Таледа імкнуліся звузіць кола абставін, пры якіх школы павінны адказваць па справах, распачатых у адпаведнасці з раздзелам IX паправак да Закона аб адукацыі 1972 года.
У справе акругі Фэрфакс старшакласніца, якая падвергнулася сексуальнаму гвалту з боку вучня гэтай школы падчас паездкі групы, спансіраванай школай у 2017 годзе, падала ў суд на школьны савет. У гэтым выпадку паўстала пытанне: ці могуць школы несці адказнасць за неправамерныя паводзіны аднаго вучня ў дачыненні да іншага, калі не даведаюцца пра гэтыя паводзіны, пакуль тыя не скончацца. Гэтае пытанне падзяліла апеляцыйныя суды ЗША.
Вярхоўны суд папрасіў адміністрацыю прэзідэнта Злучаных Штатаў Джо Байдэна разгледзець апеляцыю школьнага савета. Міністэрства юстыцыі ў верасні заявіла суддзям, што школы павінны быць прыцягнуты да адказнасці за іх рэакцыю на сексуальныя дамаганні з боку навучэнцаў — а дакладней, за адсутнасць рэакцыі, і заклікала суддзяў адхіліць апеляцыю.
Прысяжныя прыйшлі да высновы, што школьны савет фактычна не ведаў пра сексуальны гвалт і не мог быць прыцягнуты да адказнасці. 4-ы акруговы апеляцыйны суд ЗША ў Рычмандзе аднавіў разгляд справы ў мінулым годзе, заявіўшы, што прысяжныя павінны былі разгледзець, ці была рэакцыя школы на напад неабгрунтаванай і ці зрабіла яна пазоўніка ўразлівым для будучых пераследаў.
Універсітэт Таледа ў сваёй апеляцыі паспрабаваў растлумачыць, калі школы нясуць юрыдычную адказнасць за дамаганні да навучэнцаў з боку настаўнікаў і выкладчыкаў у адпаведнасці з раздзелам IX. Былая студэнтка бакалаўрыята ў 2018 годзе абвінаваціла ўніверсітэт у тым, што ён не змог належным чынам расследаваць яе скаргу на сексуальныя дамаганні з боку прафесара па камунікацыях.
Федэральны суддзя пастанавіў, што ўніверсітэт не нясе адказнасці, паколькі меркаваны пераслед спыніўся да таго, як пра яго стала вядома. 6-ты акруговы апеляцыйны суд ЗША ў Цынцынаці аднавіў разгляд справы ў сакавіку, заявіўшы, што ўніверсітэт ўсё яшчэ можа несці адказнасць па раздзеле IX за сваю «наўмысную абыякавасць» да скаргі дзяўчыны.