«Вучыч, сыходзь». У Сербіі не спыняюцца пратэсты, удзельнікі патрабуюць адстаўкі прэзідэнта

Учора вечарам у Бялградзе прайшла самая масавая акцыя пратэсту. Нагодай сталі два выпадкі расстрэлаў людзей з агнястрэльнай зброі, у сувязі з чым сербы абурыліся, што ўлады не могуць забяспечыць бяспеку грамадзян. Але таксама падчас учорашняй акціі гучалі патрабаванні адстаўкі прэзідэнта краіны Вучыча.

Фота AP

Фота AP

Пятая антыўрадавая акцыя пратэсту «Сербія супраць гвалту», якая адбылася ў суботу ўвечары ў Бялградзе, стала самай масавай з тых часоў, як тысячы людзей пачалі выходзіць на вуліцы пасля двух масавых расстрэлаў у пачатку траўня. Пра гэта паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на N1.

Апошні антыўрадавы пратэст адбыўся роўна праз месяц пасля таго, як 13-гадовы вучань прэстыжнай школы Бялграда прынёс ва ўстанову стрэльбу, якой забіў восем і школьнага ахоўніка.

Учорашні марш узначалілі студэнты ўніверсітэта, якія трымалі ў руках плакат з надпісам «Сербія супраць гвалту!».

Дзясяткі тысяч людзей, трымаючы ўключанымі ліхтарыкі мабільных тэлефонаў, прайшлі шэсцем да штаб-кватэры прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча, дзе выпусцілі вялікі паветраны шар з надпісам «Вучыч, сыходзь», а таксама скандавалі лозунгі з заклікам да адстаўкі.

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Сербскія праўрадавыя СМІ гэтым разам упершыню называлі акцыю «празаходняй». А інцыдэнт, падчас якога прадстаўнікі сербскай праварадыкальнай групы «Народны патруль» збілі амерыканскага журналіста, назвалі правакацыяй саміх жа пратэстоўцаў. Некаторыя з тых, хто нападаў, былі апранутыя ў футболкі з літарай Z, сімвалам расійскай агрэсіі супраць Украіны.

З надыходам цемры ўдзельнікі акцыі засвяцілі свае мабільныя тэлефоны, трымаючы іх над галавой падчас маршу па цэнтральнай вуліцы Бялграда міма будынка прэзідэнта, многія з іх свісталі ў свісткі і заклікалі Вучыча да адстаўкі.

На наступны тыдзень запланаваная чарговая акцыя пратэсту, якая становіцца ўсё больш сур'ёзным выклікам для Вучыча — магчыма, самым вялікім з тых, перад якімі ён паўставаў пасля прыходу да ўлады 11 гадоў таму.

Нагадаем, 3 траўня 13-гадовы вучань прэстыжнай бялградскай школы зладзіў у ёй стральбу, забіўшы з бацькавай зброі ахоўніка і восем вучняў. А ўжо праз дзень у ваколіцах Бялграда адбылася стральба з аўтамата — 21-гадовы малады чалавек забіў восем чалавек і параніў яшчэ 14.

У Сербіі ўспыхнулі масавыя антыўрадавыя пратэсты, якія працягваюцца чацвёрты тыдзень запар.

Сярод іх патрабаванняў — адстаўка вышэйшых службовых асоб, у прыватнасці прэзідэнта Аляксандра Вучыча, і адкліканне ліцэнзій у праўрадавых СМІ, якія транслююць матэрыялы з выявай гвалту, а таксама даюць у эфір выступленні крымінальных аўтарытэтаў і ваенных злачынцаў.

Сам Вучыч адышоў ад руля сваёй папулісцкай партыі на фоне планаў сфармаваць больш шырокі палітычны рух, адмовіўшыся задавальняць патрабаванні пратэстоўцаў.