Замежныя СМІ пра Беларусь: 30 студзеня — 6 лютага

Лукашэнка, дарэчы, публічна прынізіў Януковіча. Ён проста прыклаў яго пысай аб стол. А ведаючы, наколькі добрую інтуіцыю мае Аляксандр Рыгоравіч, наколькі ён разумее, што да чаго, ён бы ніколі гэтага не зрабіў, калі б не лічыў, што Януковіч — палітычны труп. «Вечерние Вести» (Украіна)



smi4.jpg

Што зрабіў бы Лукашэнку на месцы Януковіча? Не ўгаворваў бы разысціся гэты мурашнік — гэтага рабіць нельга, гэта будзе міна запаволенага дзеяння. Наадварот, ён закрыў бы горад на 48 гадзін і ўзяў бы іх у кола ўсіх да аднаго (з ужываннем усіх сіл і сродкаў). І разабраўся б з кожным. Яцанюку, Цягнібоку, Клічко — падпіску аб нявыездзе, а для пачатку выставіў бы ім рахунак на некалькі мільёнаў долараў — за прычыненую Кіеву і кіяўлянам матэрыяльную і маральную шкоду. У заходніх абласцях неадкладна ўвёў бы надзвычайнае становішча, блок-пасты на дарогах і праверку на вашывасць (пераатэстацыя) у органах улады і кіравання. За малыя парушэнні закона — адхіляць ад пасад мэраў і губернатараў. Бунты бандэрлогаў душыць жорстка ў самым зародку. Паслоў ЗША і NАТО папярэдзіць пра адказнасць. І не цырымоніцца, дзейнічаць смела і рашуча, як Лукашэнка.

«Actualitati» (Малдова)

Эканамічныя пралікі ў Беларусі будуць цягнуць крымінальнае пакаранне. У бліжэйшы час будзе падрыхтаваны нарматыўны акт, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за парушэнне тэрмінаў па мадэрнізацыі прамысловых прадпрыемстваў. Дрэваапрацоўкай беларускі прэзідэнт захапіўся, прыняўшы пад увагу меркаванне экспертаў аб тым, што развіваць трэба тыя галіны, якія могуць працаваць на мясцовай сыравіне. Старт мадэрнізацыі быў дадзены як мінімум пяць гадоў таму. Сёння, аналізуючы сітуацыю ў галіне, эксперты канстатуюць, што да фінішу не дайшло ні адно з дзевяці прадпрыемстваў галіны, на якіх пачалася мадэрнізацыя. Прычыны банальныя, але ў аснове ўсіх ляжыць безгаспадарчасць. Эксперты таксама аднадушныя ў тым, што чарговая мадэрнізацыйная кампанія асуджана на правал, а вынікам увядзення крымінальнай адказнасці за зрывы тэрмінаў стане далейшае абвастрэнне кадравай праблемы.

«Независимая газета» (Расія)

Украінскі Еўрамайдан, які ахапіў добрую палову краіны, мала паўплываў на сумежную Беларусь. Аляксандр Лукашэнка назваў сітуацыю ў суседняй краіне «кашмарам і катастрофай» — не без удзелу сіл з Польшчы. Лідары і актывісты беларускай апазіцыі, трэцяга сектара не адзін раз наведвалі Майдан, але аб сур’ёзных акцыях салідарнасці з Украінай у Беларусі казаць не даводзіцца. У тым, што шараговыя беларусы вышэй за ўсё на сённяшні дзень цэняць стабільнасць і парадак — катэгорыі, над якімі іранізуюць у сацыяльных сетках, — карэспандэнт RFI пераканаўся, пагаварыўшы з мінакамі на мінскіх вуліцах.

«RFI» (Францыя)

Місія Міжнароднай арганізацыі працы знаходзілася ў Мінску з 27 па 31 студзеня адпаведна рашэнню штогадовай Канферэнцыі працы, падчас якой Беларусь у шосты раз унеслі ў спецпараграф як краіну, дзе сістэматычна парушаюцца правы працоўных. Між тым, дыскрымінацыя незалежных прафсаюзаў ужо каштавала беларускім уладам каля 300 мільёнаў долараў — менавіта ў гэтую суму абышлося краіне выключэнне ў снежні 2006 года з Генеральнай сістэмы гандлёвых прэферэнцый ЕС.

«Deutsche Welle» (Германія)

Канцлер Германіі, прадэклараваўшы свой «пратэст», звязаны з падзеямі ў Кіеве, пакуль не падтрымлівае ўвядзенне персанальных санкцый супраць прадстаўнікоў украінскай улады. Сярод асноўных публічна агучаных аргументаў — сумны вопыт Беларусі, у якой санкцыі не толькі не спрыялі дэмакратызацыі, але і паскорылі працэс кансалідацыі аўтарытарызму імя А. Лукашэнкі.

«Дзеркало тижня» (Украіна)