Замежныя СМІ пра Беларусь: 14–21 студзеня
Дзяржавы прэміруюць пераможцаў і прызёраў алімпійскіх гульняў (прычым менавіта з дзяржаўных агульнанародных сродкаў), і вельмі значна. Так, у беднай Беларусі — вельмі вялікі прэміяльны фонд: пераможца алімпіяды атрымлівае аж 150 тысяч даляраў. Для параўнання — у Германіі, якая зараз знаходзіцца на верхнім радку алімпійскай табліцы, чэмпіён атрымлівае 21 тысячу долараў, а Нарвегія і Швецыя не ўзнагароджваюць спартсменаў зусім! “Трибуна” (Расія)
Вынікі знешнеэканамічнай дзейнасці Беларусі — балючае пытанне для краіны. Адмоўнае знешнегандлёвае сальда па выніках года склала 1,7 мільярда долараў. Здарылася гэта таму, што на 20% «абваліўся» беларускі экспарт. Вынікам недахопу замежнай валюты ў краіне сталі «паўзучая» дэвальвацыя беларускага рубля і пастаянныя дэвальвацыйныя чаканні. Далёка не вясёлыя перспектывы беларускага экспарту ў новым годзе на фоне дэвальвацыі нацыянальных валют у суседніх краінах — асноўныя гандлёвыя партнёры, даюць сёння падставы казаць мясцовым эканамістам пра тое, што такая ж доля чакае і Беларусь. Каб хоць неяк выратаваць у гэтых умовах свой экспарт, паўзучай дэвальвацыяй Мінску будзе недастаткова, мяркуюць эксперты.
“Независимая газета” (Расія)
Нягледзячы на тое што ў Беларусі таксама выраслі цэны на корм, сабекошт вытворчасці сырога малака там на 20–30% ніжэй, чым у Расіі. Беларускія пастаўшчыкі нядрэнна сябе адчуваюць, прапаноўваючы свой прадукт на 10–15 % танней, чым расійскія перапрацоўшчыкі. Больш за палову вырабленага малака беларусы прадаюць у Расію, і кошты, якія Мінск устанаўлівае для экспарту, вышэй за тыя, што перапрацоўшчыкі атрымліваюць на ўнутраным рынку. У выніку восенню ў беларускіх крамах нават былі перабоі з малаком. “Усе рванулі зарабляць у Расію", — растлумачыў прадстаўнік Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь, які папрасіў не называць ягонага імя.
“Комммерсантъ” (Расія)
Аб сур'ёзных праблемах у эканоміцы Беларусі цяпер услых разважаюць не толькі незалежныя эканамісты, але і адказныя чыноўнікі, якія зрабілі на мінулым тыдні шэраг крытычных заўваг пра стан эканомікі, пакуль прэзідэнт Лукашэнка ў Сочы падтрымліваў беларускіх алімпійцаў. Пры гэтым ніхто з функцыянераў так і не заявіў, што варта рабіць для выхаду з такога становішча. Паўзучае падзенне курсу беларускага рубля не можа павысіць канкурэнтаздольнасць тавараў з Беларусі ў рамках Мытнага саюза, а ў той час аб "канкурэнтнай дэвальвацыі" для спрыяння прасоўвання сваёй прадукцыі паклапаціліся Казахстан і Расія. Услед за падзеннем курсаў расійскага рубля і казахстанскага тэнге ў Беларусі з-за дысбалансаў у эканоміцы склаліся ўсе падставы для дэвальвацыі нацыянальнай валюты.
“Deutsche Welle” (Германія)
Неразумна спадзявацца на тое, што Расія за ўсё заплаціць. Нават Беларусь, атрымліваючы крэдыты ад Крамля, вымушана выконваць яго эканамічныя патрабаванні. У тым ліку і па карэкціроўцы валютнага курсу. Так было пасля чарговага абрання Аляксандра Лукашэнкі, калі эканоміка краіны нечакана апынулася на мяжы краху. Так, верагодна, будзе і ва Украіне.
“Кантракты” (Украіна)
Варта толькі зірнуць на Беларусь, дзе ўведзеныя ў свой час санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі прывялі толькі да яшчэ большай ізаляцыі гэтай краіны. Хоць менавіта такое параўнанне ў еўрапейскіх сталіцах разглядаецца як нешта накшталт «благога сну». Ператварэнне Украіны ў «другую Беларусь» магло б стаць найгоршым сцэнарам як для Бруселя з Варшавай, так і для Берліна.
“Украінформ” (Украіна)