Замежныя СМІ пра Беларусь: 8–14 сакавіка

Бесцырымоннасць Уладзіміра Уладзіміравіча, які зараз спрабуе расправіцца з Украінай, дае Аляксандру Лукашэнку вельмі ясны сігнал аб тым, што будзе чакаць яго, калі Расія павернецца ў бок Беларусі.  



smi4.jpg

Так што, з аднаго боку, заклапочанасць тэрытарыяльнай цэласнасцю Украіны, якую выказаў Лукашэнка, паказвае, што ён таксама думае пра наступствы гэтых падзей і для Беларусі, гэта значыць, пра тое, што стане з Беларуссю, калі Пуцін ёю зацікавіцца. Падзеі на Украіне падштурхоўваюць Лукашэнку бліжэй да Еўропы, дакладней — далей ад Расіі. Ён будзе больш сцерагчыся паглыблення сувязяў, паколькі бачыць, чым гэта можа скончыцца. Ясна адно — гэты рэгіён ужо дэстабілізаваны, і будзе развівацца ў новых напрамках дэмакратызацыі і еўрапеізацыі Украіны. Я, вядома, маю на ўвазе адкрытасць межаў і іншыя моманты, што будзе падштурхоўваць Беларусь да дэмакратызацыі, да больш адкрытых працэсаў.

«Delfi» (Літва)

Заява Лукашэнкі — цалкам нейтральная і нават з сімпатыяй да новых уладаў Украіны. Далікатнасці сітуацыі надае тое, што, акрамя АДКБ, Беларусь уваходзіць з Расіяй у Саюзную дзяржаву, што прадугледжвае больш цеснае ваеннае супрацоўніцтва і абавязацельствы, чым сяброўства ў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Ва ўсякім выпадку, беларускімі ўладамі спыняюцца любыя спробы грамадзян краіны выказацца за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Так, 2 сакавіка праваахоўныя органы не далі правесці масавую акцыю ля амбасады Расіі ў Мінску. Некалькі чалавек атрымалі ад 5 да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

«RFI» (Францыя )

Вынікі пачатку года сведчаць аб тым, што ніякіх станоўчых тэндэнцый у беларускай эканоміцы не зафіксавана. Гандаль таварамі па-ранейшаму стратны для краіны — сальда ў студзені склала мінус 56 мільёнаў долараў. Даходы ад экспарту ніжэй на 8,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Фіксуючы зніжэнне попыту і маючы вялікія складскія запасы, прадпрыемствы зніжаюць аб'ёмы вытворчасці. Тыя прадпрыемствы, якія працавалі напаўсілы і ў мінулым годзе, цяпер выкарыстоўваюць свае магутнасці толькі на 30–40%. Ёсць і такія, якія апускаюцца ніжэй гэтага ўзроўню. Стагнацыю і дэвальвацыю эксперты прадказвалі Беларусі яшчэ да таго, як эканамічныя складанасці ўзніклі ў бліжэйшых і галоўных гандлёвых партнёраў — Расіі і Украіны. Эксперты мяркуюць, што Беларусі наўрад ці ўдасца ўтрымаць зададзены тэмп дэвальвацыі. Не выпадкова ж беларускія афіцыйныя асобы як мантру паўтараюць: «Украіна — важны эканамічны партнёр» і даюць зразумець, што гатовыя працаваць з любым урадам, абы ён купляў беларускія тавары.

«Независимая Газета» (Расія)

Беларусь даўно займаецца сабатажам інтэграцыі з Расіяй, нягледзячы на фармальны статус саюзнай дзяржавы. У Маскве даўно адчуваюць, што Бацька водзіць іх за нос. Краіна корміцца з расійскіх рук, але прыручыць свавольнага Лукашэнку ў Крамля так і не атрымалася. У святле апошніх падзей ва Украіне, Лукашэнка, якому не даводзіцца разлічваць на асаблівае спачуванне з боку Захаду, павінен адчуваць сябе асабліва няўтульна. Бо рускамоўнае — і ва ўсіх сэнсах роднае расіянам — насельніцтва Беларусі, можна пры выпадку абараніць  «ад апошняга тырана Еўропы». Да таго ж, увесці танкі ў саюзную Беларусь можна куды больш упэўнена, чым ва Украіну, якая прэтэндуе на далучэнне да Захаду. Сцэнар, здавалася б, малаверагодны, але хто ведае? Тым больш, што ў страху вочы вялікія.

«Izru» (Ізраіль)
 

Мабыць, у Мінску толькі цяпер зразумелі, да чаго могуць прывесці гульні ў інтэграцыю з Крамлём. Вядома, беларускае кіраўніцтва напярэдадні падпісання дамовы аб ЕАЭС паспрабуе ўжыць у адносінах з расійскім партнёрам выпрабаваны спосаб — палітыку качэляў паміж Усходам і Захадам. Але наўрад ці гэта дасць эфект. У той жа час прынцыповая адмова ад падтрымкі агрэсіўнага курса Уладзіміра Пуціна, якой прытрымліваецца зараз Мінск, будзе адзіным правільным напрамкам знешняй палітыкі Беларусі.

«Deutsche Welle» (Германія)