ЗША кажуць пра небяспеку нападаў у многіх рэгіёнах свету, а ў Брусэлі працягнулі найвышэйшы ўзровень тэрарыстычнай пагрозы

Паводле інфармацыі Дзярждэпартамента ЗША, "Ісламская дзяржава", "Аль-Каіда", "Бока Харам" і іншыя групоўкі плануюць тэракты ў многіх рэгіёнах свету.



151124051128_alert1_624x351_getty_nocredit.jpg

Фота Getty

Дзярждэпартамент ЗША папярэдзіў грамадзян краіны аб небяспецы паездак у многія рэгіёны свету. "Паводле інфармацыі, якая маецца ў нас на дадзены момант, "Ісламская дзяржава" (ІД), "Аль-Каіда", "Бока Харам" і іншыя тэрарыстычныя групоўкі па-ранейшаму плануюць тэрарыстычныя атакі ў многіх рэгіёнах свету", — гаворыцца ў заяве, якую амерыканскае знешнепалітычнае ведамства распаўсюдзіла ў панядзелак, 23 лістапада, паведамляе www.dw.com.

Дзярждэп спаслаўся на нядаўнія тэракты ў Францыі, Турцыі, Малі і Нігерыі. "Грамадзяне ЗША павінны праяўляць пільнасць у грамадскіх месцах і грамадскім транспарце", — гаворыцца далей у заяве. Акрамя таго, варта пазбягаць вялікай колькасці людзей.

Папярэджанне дзейнічае да 24 лютага 2016 года. Пры гэтым гаворка ідзе не пра заклік адмовіцца ад паездак у пэўныя рэгіёны, а пра так званае "апавяшчэнне для падарожнікаў", што папярэджвае аб існуючай у агульным і цэлым небяспекі.

У інтэрв'ю ВВС прадстаўнік Дзярждэпартаменту сказаў, што "на дадзены момант... няма падстаў меркаваць, што мэтай нападаў могуць быць канкрэтна грамадзяне ЗША". Аднак "верагоднасць тэрарыстычных нападаў будзе захоўвацца па меры таго, як члены "Ісламскай дзяржавы" вяртаюцца дадому з Сірыі і Іраку", адзначае Дзярждэп ЗША.

У Бельгіі Савет нацыянальнай бяспекі захаваў вышэйшы ўзровень пагрозы для Брусэля. Пра гэта заявіў у панядзелак, 23 лістапада, прэм'ер-міністр Бельгіі Шарль Мішэль. Ён таксама дадаў, што школы і метро ў Брусэлі адновяць працу ў сераду, 25 лістапада. Ён адзначыў, што патэнцыйнай мэтай тэрарыстаў па-ранейшаму застаюцца такія месцы масавага збору людзей, як гандлёвыя цэнтры і грамадскі транспарт.