ЗША. Самы непаліткарэктны фільм
Сапраўдны шок у прагрэсіўнай грамадскасці выклікала чарговая, пятая серыя прыгодаў Рэмба.

Экс-ветэран В’етнама зноў наводзіць справядлівасць брутальнымі сродкамі, і яго ролю традыцыйна выканаў акцёр Сільвестр Сталонэ. Гэтым разам Рэмба разбіраецца з бандай мексіканцаў, якія нейкім чынам парушылі пастараль на ферме ў Арызоне.
Як заўжды, на экране хапае гвалту і стрэлаў. Аднак аглядальнікі здолелі пабачыць і іншыя жудасныя рэчы. Па-першае, прапаганду ксенафобіі. У фільме паслядоўна праводзіцца ідэя: амерыканкам не варта сябраваць з мексіканцамі, нічым добрым гэта не скончыцца. Сама Мексіка выглядае як агідная брудная краіна, што патанае ў смецці, карупцыі і крымінале. У гэтым плане «Рэмба–5» можна разглядаць як рэкламу сцяны на мяжы з Мексікай.
Твор вельмі патрыярхальны, паколькі даводзіць ідэю — добрым дзяўчатам варта слухацца дарослага дасведчанага мужчыну, калі яны не хочуць патрапіць у сур’ёзныя непрыемнасці. «Сексуальна-неўратычная фантазія старога», — робіць выснову адна з еўрапейскіх газет.

З іншага боку, што яшчэ можна было чакаць ад Сільвестра Сталонэ — аднаго з нешматлікіх галівудскіх актораў, які свядома падтрымлівае Трампа.
Паводле брытанскай прэсы