На вуліцах Маямі пратэставалі супраць дыктатуры ў Беларусі
Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне (БАЗА) Паўднёвай Фларыды ў нядзелю, 29-га верасня, зладзіла мітынг супраць дыктатуры ў Беларусі: «Наш пратэст супраць 25-гадовай хлусні ў Беларусі! Наш пратэст супраць самавольства ў Беларусі!».
Сябры Беларуска-Амерыканскага Задзіночання выйшлі на вуліцы Маямі з плакатамі, лозунгамі і карыкатурамі мастака Дзмітрыя Багацішчава.
Старшыня БАЗА Андрэй Пушкароў у сваім выступе заклікаў усіх землякоў да адзінства, да кансалідацыі і згуртаванасці.
“Мы нарадзіліся ў Беларусі і мы любім сваю Радзіму, наш народ, і нам не абыякава што адбываецца на роднай зямлі... Як актыўная, маладая частка грамадства, мы, беларусы Амерыкі, уважліва сочым за ўсім тым, што адбываецца ў нас на радзіме, ў Беларусі”.
“Сёння, як і раней, беларускія сродкі інфармацыі — тэлебачанне, радыё і інтэрнэт, напаўняюць суцэльнай хлуснёй пра выдатнае і шчаслівае жыццё ў Беларусі. Эфіры гудуць бясконцымі святамі, фестывалямі і гульнямі. На самай жа справе сітуацыя з кожным годам становіцца больш небяспечнай і катастрафічнай… Крызіс назіраецца ва ўсіх сферах дзейнасці”, — адзначыў Андрэй Пушкароў.
Кіраўнік БАЗА Паўднёвай Фларыды з абурэннем адзначыў, што ў Беларусі “знішчаецца нацыянальная культура, самабытнасць, годнасць. Знішчаецца беларуская мова і гісторыя. Разбіта эканоміка краіны, гіне адукацыя, навука, спорт, прамысловасць, сельская гаспадарка…”
Паводле прэс-службы БАЗА