Хірурга Андрэя Любецкага асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі

У Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд вядомаму хірургу, палітвязню Андрэю Любецкаму.

Андрэй Любецкі. Фота з сацсетак

Андрэй Любецкі. Фота з сацсетак

Суддзя Святлана Чарапанава асудзіла лекара да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрасіла для Любецкага пракурорка Жана Баранава. Нагадаем, таксама яна прадстаўляла бок дзяржабвінавачання на судзе шматдзетнай маці Вольгі Залатар, паведамляюць праваабаронцы.

Сківічнага хірурга, які 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай бальніцы ў Мінску і быў валанцёрам каля Акрэсціна, затрымалі 4 траўня 2021 года.

У чым хірурга прызналі вінаватым?

Следчы камітэт кваліфікаваў дзеянні Андрэя Любецкага па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342, арт. 130, арт. 369., ч. 1, 2 арт. 368.

Паводле версіі следства, хірург "публічна выказваўся аб прынятым рашэнні парушыць дадзеную ім медыцынскую клятву... і ўсяляк перашкаджаў аказанню медыцынскай дапамогі супрацоўнікам міліцыі і членам іх сем'яў, заклікаў сваіх калегаў да падобных супрацьпраўных дзеянняў".

Таксама яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў васьмі пратэстных акцыях (13, 17, 20, 23, 27 і 30 верасня, а таксама 4 і 25 кастрычніка 2020 года), і напісанні паведамленняў у сацсетках, якія кваліфікавалі як абразы і распальванне варожасці.


У апошнім слове хірург звярнуўся да суда: «Мае досвед, веды і ўменні спатрэбіліся б шматлікім людзям, калі я буду на волі і буду займацца тым, чым займаўся 23 гады. [У мяне] вельмі эксклюзіўная спецыялізацыя, і ў Беларусі спецыялістаў майго ўзроўню можна пералічыць на пальцах адной, максімум дзвюх рук, — сказаў хірург у апошнім слове. — Што датычыцца дэнтальнай імплантацыі, то і ў гэтай галіне дасягнуў дастаткова вялікіх вышынь. Я толькі канстатую факты, у тым ліку аб тым, што на лячэнне прыязджалі людзі з усёй Беларусі, і ў тым ліку з-за мяжы. Акрамя таго, з-за мяжы звярталіся тыя, каму адмаўлялі з-за складаных сітуацый ці мэтанакіравана рэкамендавалі звярнуцца менавіта да мяне».

Зрэшты, на рашэнне суддзі гэтыя словы ніяк не паўплывалі.