Андрэй Хадановіч

Прэмія «Дэбют», на мой погляд, адна з самых крэатыўных у дзейнасці беларускага ПЭН-цэнтра, бо дазваляе невядомым паэтам і празаікам выдаць сваю першую кнігу. Мой аповед пра жыццёвыя і творчыя дэбюты аднаго з кіраўнікоў гэтай структуры — Андрэя Хадановіча — магчыма, дапаможа зразумець, чаму ён так «рухае наперад» іншых.



hadanovich_1_.jpg

Жыццёвы дэбют
Ён адбыўся 13 лютага 1973 года ў Мінску ў знакамітым раддоме насупраць Пішчалаўскага замку. Некалі там пакутаваў Якуб Колас. Напэўна, некаторыя экстрасэнсы ўбачылі б тут нейкі таямнічы сэнс. Мы ж папросту канстатуем факт.
Андрэй Хадановіч жартуе, што ўсё яго дзяцінства прайшло пад «знакам Бураціна», бо пасля пераезду яго сям’я жыла на вуліцы Альшэўскага, у доме, дзе размяшчалася цацачная крама «Бураціна». Яго вітрына і стала для хлопчыка асабістым Дыснэй-лэндам.
У сямейнай памяці жыве гісторыя пра тое, што аднойчы, ва ўзросце двух-трох гадоў, ён убачыў за шклом плюшавага мішку і зладзіў сапраўдны скандал, патрабуючы цацку купіць. Высветлілася, што ў продажы мішкаў няма, а за шклом вітрынны экспанат. Дзіцячыя слёзы паставілі на вушы ўсю краму і спыніліся толькі тады, калі цацку пагадзіліся прадаць.
Спачатку Андрэй Хадановіч вучыўся ў сярэдняй школе №113, якая апроч французскай мовы мела яшчэ і спартовы ўхіл. З апошнім былі пэўныя праблемы, бо па жыцці ён аддаваў перавагу кнігам і канапе, а не футбольным мячам і спартовым прыладам.
Бацьку, Валерыя Фёдаравіча, гэта даволі моцна раздражняла — той меў шэраг спартовых разрадаў. Зразумела, хацеў бачыць у сваім сыне, як мінімум, прыхільніка алімпійскага лозунга: «Citius, Altius, Fortius», але быць «хутчэй, вышэй, мацней» у Андрэя ніколі на атрымлівалася.
Пакуль не ўмяшалася першае каханне.
Кнігі і спевы ў дзіцячым хоры Беларускага радыё і тэлебачання (ёсць у біяграфіі Андрэя Хадановіча і такі момант) заступілі месца жаданню падабацца дзяўчынкам. Юнак стаў абіраць тыя віды спорту, дзе патрэбна перш за ўсё неверагодная вынослівасць.
Рамантычны дэбют
Спартовая хадзьба дапамагла скінуць лішнія кілаграмы, акадэмічнае веславанне — дадаць мускульнай масы. Дарэчы, разам з ім веславала старэйшая на год дзяўчынка з вельмі адметным (што не раз выклікала адпаведныя жарты) прозвішчам — Кацярына Хадатовіч. Пазней яна стане шматразовай алімпійскай чэмпіёнкай, выйдзе замуж і стане вядомай як Хадатовіч-Карстэн.
У самога ж Андрэя са спортам не склалася, бо прыблізна ў 17 гадоў у яго пачаўся канфлікт з трэнерамі. Па дзвюх прычынах. Па-першае, ён быў занадта самастойны і задаваў зашмат пытанняў. Зразумела, тым, хто патрабаваў безумоўнага (і безгалосага) падпарадкавання, гэта не магло падабацца. Па-другое, падчас чарговых спартыўных збораў у яго жыцці адбыўся рамантычны дэбют. Як звычайна, першае каханне падаецца падлеткам чымсьці бязмежным, вечным і самым галоўным.
Хутка ён стаў злосным парушальнікам спартыўнага рэжыму… У выніку на ўсесаюзныя спаборніцтва (нягледзячы на перамогу на рэспубліканскіх) яго банальна не запрасілі. У каманду ўзялі іншага чалавека, што вельмі моцна пакрыўдзіла Андрэя. Са спартовай секцыі ён сышоў.
Што адразу станоўча паўплывала на паспяховасць у школе. Апошнія дзве чвэрці выпускнога класа ён скончыў на ўсе «пяцёркі», імгненна ператварыўшыся з сераднячка ў выдатніка. Выйшаў нават на медаль. На срэбны, бо раней былі чацвёркі.
Літаратурны дэбют
У той час гэта яшчэ азначала пэўныя льготы. Паспяхова здаўшы адзін экзамен, у 1990 годзе ён паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Чаму? Напэўна, гэтаму выбару паспрыяла атмасфера, у якой Андрэй Хадановіч рос.
Літаратурны дэбют пачаўся з дзіцячага верша, што наўрад ці можна лічыць нечым неардынарным. А вось пра абставіны, пры якіх гэта адбылося, варта сказаць.
Андрэю было тады чатыры гады. На Новы год у іх сям’і, як заўсёды, упрыгожвалі ялінку. Цікаўны хлопчык выцягнуў з цацкі металічныя «вусы» і ўсунуў іх разетку, да якой яны, на яго разуменне, так ідэальна падыходзілі… Дзеўбанула токам добра… Выратавала, што трымаўся ён за «вусы» толькі двума пальчыкамі, інакш бы не было першага верша.
Цытаваць гэты верлібрык не буду, найперш па той прычыне, што сам Андрэй Хадановіч сёння крытыкуе яго сінтаксічную канструкцыю і выказвае намер сур’ёзна адрэдагаваць тэкст.
Як не буду цытаваць і яго вершаванай публіцыстыкі для школьнай насценгазеты, вершаў-прысвячэнняў сябрам і сяброўкам на філфаку БДУ.
Бацька будучага паэта быў журналістам, працаваў у розных газетах (у «Знамя юности», напрыклад) і сам складаў вершы. Праўда, не выдаў ніводнага зборніка, бо не пісаў пра «Леніна, партыю, камсамол». Напэўна, нейкі «ген творчасці» ад бацькі перадаўся сыну, бо той засынаў і прачынаўся пад грукат друкарскай машынкі.
Пратэстны дэбют
Маці Андрэя, Ірына Алегаўна, нарадзілася ў Вялікіх Луках. Дзяцінства і юнацтва яе прайшлі ў рускамоўнай частцы Казахстана, а сталенне — у Маскве. У беларускую сталіцу яна пераехала амаль перад самым каханнем і шлюбам.
Гэта я да таго, што яна цалкам абгрунтавана з’яўляецца (адной з нямногіх), з кім Андрэй Хадановіч сёння размаўляе на рускай мове. І было б вельмі дзіўна, калі б было па-іншаму…
Магчыма, гэта некаму падасца спрэчным, але я не разумею людзей, якія пачынаюць успамінаць «сваю трасянку», каб паказаць прыналежнасць да беларускамоўнай эліты, альбо робяць з гэтага нейкі модны брэнд-феціш. І ў той жа час не прымаю, калі вядучыя дзяржаўных тэлеканалаў пачынаюць размаўляць з беларускамоўнымі гасцямі на «великом и могучем», а тыя кан’юктурна пераходзяць на яго ж.
Менавіта па гэтай прычыне мне і падабаецца шчырасць, з якой Андрэй расказвае пра тое, што пэўны час пісаў вершы на рускай мове. А рускую філалогію ў БДУ абраў па той прычыне (юнацкі снабізм), што на рускае аддзяленне конкурс быў разы большы, чым на беларускае.
…Студэнцкі перыяд жыцця, па словах Хадановіча, з’яўляецца, акрамя іншага, «формай уцёкаў ад беларускага войска». Сапраўды, якраз падчас яго паступлення, на філфаку БДУ скасавалі вайсковую кафедру, і толькі па атрыманні дыплома выпускнікоў чакаў год «кірзавых ботаў».
Разам са сваімі аднакурсніцамі Андрэй Хадановіч старанна праходзіў медычныя курсы. Тыя сталі медсёстрамі, а ён медбратам. Навучыўся накладаць павязкі, і нават (толькі тэарэтычна) прымаць роды.
Калі пасля абароны дыплома пачалі прыходзіць ваенкаматаўскія позвы, ён «уцёк» у другое месца — аспірантуру пры БДУ. Адначасова яму прапанавалі выкладаць французскую літаратуру, чым ён займаецца ўжо больш за дзесяць год.
А беларускамоўны дэбют у яго творчасці адбыўся ў 1996 годзе. Паспрыялі яму шмат фактараў, найперш — эстэтычны, але не ў апошнюю чаргу — і рамантычна-палітычны чыннік.
Нагадаю, у траўні 1995 года адбыўся сумна вядомы рэферэндум, які «абакраў Беларусь на нацыянальныя сімвалы і стварыў юрыдычна законную сітуацыю для лінгвістычнай дыскрымінацыі беларусаў у Беларусі».
Гэта не толькі цытата з маёй размовы з паэтам і грамадскім дзеячам Андрэем Хадановічам. Гэта яго прынцыповая пазіцыя!
Палітычны дэбют
Першая кніга паэта Андрэя Хадановіча называлася «Старыя вершы». Выйшла яна ў 2003 годзе і была цалкам беларускамоўнай. Сёння на яго рахунку ўжо 9 паэтычных кніжак. Шэсць выдадзены на беларускай мове, тры — у перакладзе на ўкраінскую, польскую і шведскую. Колькасць асобных публікацый яго вершаў і перакладаў вымяраецца ўжо трохзначнымі лічбамі.
Для тых, хто любіць статыстыку, удакладню: Андрэй Хадановіч — уладальнік многіх прэстыжных (у тым ліку і замежных) прэмій, першай з якіх была прэмія часопіса «Крыніца». З 2002 года ён сябра беларускага ПЭН-цэнтра, а з 2008 года — яго кіраўнік.
І яшчэ. 5 снежня 1998 года ён пабраўся шлюбам з былой аднагрупніцай і каляжанкай па аспірантуры Марынай, якая 10 траўня 2006 года нарадзіла цудоўную дачку Алену. Андрэй Хадановіч не вельмі любіць форму імені па бацьку, але сваю шасцігадовую дачку часта іранічна называе Аленай Андрэеўнай. Мабыць, таму, што яна да яго вельмі падобная…
А яшчэ ён вельмі любіць паўтараць словы Іосіфа Бродскага: пісьменнік не мае права лезці ў палітыку, пакуль палітыка не лезе ў ягоныя справы. На жаль, сённяшняя палітыка ў справы Андрэя Хадановіча «лезе». Хаця, па вялікім рахунку, ён чалавек цалкам апалітычны.
Пры даволі скептычных адносінах да айчынных палітыкаў (дзяржаўных і апазіцыйных) Хадановіч цвёрда перакананы ў тым, што, калі ў грамадскім жыцці наступае «Час Х», ніхто не можа заставацца ў баку. У тым ліку і паэты.
Такімі момантамі сталі прэзідэнцкія выбары 2006 і 2010 гадоў. У 2006-м ён выступаў на Кастрычніцкай плошчы і кожны дзень потым (да разгону) хадзіў у намётавы гарадок. У 2006-м чытаў і спяваў вершы, а ў 2010-м на плошчы Незалежнасці праспяваў у сваім перакладзе знакамітую песню каталонскіх змагароў за свабоду з франкісцкім рэжымам 1960-х гадоў. Напісаў «Слуп» (першая назва) паэт Луіс Льяк. Падчас польскай «Салідарнасці» паэт і бард Яцэк Качмарскі перарабіў яе ў «Муры».
Гэты варыянт і абраў асновай для сваёй песні-верша Андрэй Хадановіч. Вобраз «муроў» ужо часткова згубіў сваю актуальнасць, бо Берлінскі мур даўно разбурылі, і таму да слова «муры» беларускі паэт дадаў слова «турма» і «свабода».
 «Разбуры турмы муры! Прагнеш свабоды — то бяры!» — спяваў на плошчы паэт і грамадзянін Андрэй Хадановіч.
P.S. Не так даўно ў інтэрнэце з’явіўся ролік, дзе арыштаваны малады расійскі паэт Кірыл Мядзведзеў у аўтазаку спявае свой рускі пераклад гэтай славутай песні. Накіраваны ён супраць таго, што зараз робіцца ў Расіі…