«Як жыць, калі няма як жыць». Ніна Мацяш і яе незабыўная лірыка

15 гадоў таму не стала адной з самых таленавітых беларускіх паэтак, жанчыны, пра якую кожны, хто яе ведаў, адгукаецца толькі самымі светлымі словамі — Ніны Мацяш. Да сумнай даты публікуем колькі вершаў паэткі.

Ніна Мацяш. Фота: wikipedia.org

Ніна Мацяш. Фота: wikipedia.org

Калі мае сябры едуць за мяжу, яны вязуць мне адтуль «Маленькага прынца» — ёсць у мяне такое хобі: збіраць гэтую казку на розных мовах свету. Перакладаў, на шчасце, дастаткова — цэлыя тры сотні, так што хопіць да канца жыцця. А пачалося ўсё з беларускага, таго самага, што зрабіла Ніна Мацяш і некалі перавыдала тады яшчэ кампанія «Velcom». 

Да таго, як мне трапіла ў рукі кніжка ў белай вокладцы з надпісам «Маленькі прынц», я казку, канешне, чытаў, і не адзін раз, але ніколі — па-беларуску. Ці то родная мова робіць асаблівымі важныя словы, ці то я дарос нарэшце да іх глыбіні... Факт застаецца фактам: мне так спадабалася, што на сёння я ўжо маю 14 варыянтаў любімай казкі, уключна з арыгіналам і беларускім перакладам. Які, дарэчы, і пазнаёміў мяне з Нінай Мацяш.

Прозвішча было знаёмае — відаць, са школьнай праграмы. Але тая праграма настолькі бедная, што аніякага ўяўлення пра людзей не дае. Празаікі, паэты, перакладчыкі — проста галерэя партрэтаў, што стандартна вісяць над дошкай у любым класе мовы і літаратуры — і нічога ў гэтым няма ад жывых людзей. А менавіта яно, жывое, чалавечае, недасканалае і чапляе мацней за ўсё, застаецца ў памяці; менавіта яго мы і любім у пісьменніку — самога чалавека, якога потым наноў адкрываем у радках твораў.

Прызнаюся шчыра: я не люблю савецкі перыяд. Не люблю і ўсе гэтыя казанні пра пераемнасць, карані, нашчадкаў, спадчыну і г.д. І таму да пары да часу для мяне ўсе былі на адзін твар: Раіса Баравікова, Яўгенія Пфляўмбаўм, Канстанцыя Буйло, Яўгенія Янішчыц... Убачыць індывідуальнасць, напэўна, можна, толькі калі сам нешта з сябе ўяўляеш. А даспеў я да таго, каб пачаць адкрываць іх, зусім нядаўна. І хоць рэдка калі ў «Новым Часе» я не напішу хваласпеў той ці іншай творчай асобе, беларуская паэтка і перакладчыца Ніна Мацяш вартая ўсіх магчымых і немагчымых слоў — і як асоба, і як творца.

Пачнём з таго, што ў вялікай ступені вызначала незвычайнасць яе голасу — боль. «Вікіпедыя» і іншыя крыніцы сарамліва пішуць: «На трэцім курсе цяжка захварэла і вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак». Сябры ва ўспамінах бываюць крыху больш адкрытымі: Ніна Мацяш была прыкутая да інваліднага вазка і трывала моцныя болі. Гэта першае, што ўражвае пры больш блізкім знаёмстве. Невядомая хвароба адабрала магчымасць лёгкага жыцця ў сясцёр паэткі і праз некаторы час прыйшла па яе саму. Можна толькі ўяўляць, якім пакутлівым было чаканне гэтага выраку — і як складана было яго прыняць. З якой мужнасцю трывала яна і фізічны боль, што адымаў ногі, і душэўны — калі, напрыклад, абыякавыя чыноўніцы адмовілі ёй ў выездзе за мяжу, дзе, магчыма, быў паратунак.


Глядзіце таксама

У маім дзяцінстве быў чалавек, прыкуты хваробай да ложка. Цяжкі артрыт не пакінуў шанцу нават лыжку трымаць, не гаворачы ўжо пра больш складаныя рэчы. Хвароба запаўняла сабой усё цела той беднай жанчыны, і толькі вочы свяціліся разуменнем і нейкай таемнай ведай, быццам бачылі і мяне наскрозь, і тое, кім я буду. Пазней, падчас працы ў бальніцы (а быў у маім жыцці і такі перыяд), я бачыў людзей у розным стане, але вельмі рэдка — тых, хто не здаваўся, хто быў мацнейшы за сваю хваробу.

Толькі чалавек неверагоднай сілы і вытрымкі можа штурхаць сябе і свой вазок далей, нягледзячы ні на што, ствараць, гучаць, быць голасам іншых. І ўспаміны сяброў, і вершы паэткі сведчаць, што Ніна Іосіфаўна была менавіта такой.

Ад жаночай паэзіі неяк асаблівага чакаць не прынята. Пра што можа пісаць жанчына? Канешне, пра каханне. І ў вершах гэтых будуць абавязкова летуценні пра агульнае шчасце, моцнае мужчынскае плячо побач і цэлы свет як на далоні. Што пісала Ніна Мацяш?


Без цябе…


А мне ўсё лепей без цябе.

Працую — не гарую.

Спакойна сіле не слабець —

Магу звярнуць гару я.


Бясплённа дзень не праміне,

На мары не патрачу.

Смяюся, калі смешна мне,

А плачацца — не плачу.


Так, мне ўсё лепей без цябе.

Жніво паспела ў часе.

Ні тлуму, ні трывог цяпер.


Хаваць не стану, верш выбіраў наўмысна. Але і любоўнае, інтымнае ў яе было асаблівым, небанальным, хаця і з чаканай рытмікай-строфікай, аднак і ў вобразнасці, і ў сродках асаблівае, шчырае, выбалелае. 


Глядзіце таксама

Што яшчэ кідаецца ў вочы, дык гэта тое, што не толькі каханне хвалявала паэтку. Ці не ўпершыню мо за ўвесь час майго знаёмства з той, савецкай, традыцыяй жаночай паэзіі я ўбачыў вялікі пласт філасофскай лірыкі, вершы-роздумы, вершы-«самотнікі» — гаворачы мовай сённяшняй нашай гераіні. Там яна найбольш шчырая, там яна сама ў сабе, у сваім вечным, нікім не зразуметым болі.


***

I прыйдзе ноч, і ноч міне,

I дзень павекі разамкне

I аглядзіцца навакола.

Ці будзе рады й мне?

Ён — грук матораў, шоргат шын,

Ён — самалётны рык вышынь, —

Што для яго пялёстак кволы

Ссамотненай душы?


Па бровы ўкутаму ў браню,

Пялёстак той, як парахню,

Бязлітасна пусціць на вецер

Было б так лёгка дню, —


Калі б у непрыманні зла

Душа змагарна не ўрасла

У заўтрае надзей бяссмерцем.


Адна


Адна…

Яна яшчэ здалёк відна:

На выгарбку, вятрам усім адкрытым,

Стаіць сухая, чорная сасна,

Як даўкі сімвал тлену і нябыту.


Hi дрэўца, ані кусціка —

Вакол

Крыжы ды цёмны камень надмагілля.

Ды сухастоіна, нібы дракон.

З вычварна накручастым мёртвым крыллем…


Так давялося на вяку сасне

Быць сведкай толькі гора ды няшчасця,

Што сіл няма ўжо ні зазелянець

Хоць голькаю адной,

Hi ўпасці.


Роспач


Як жыць, калі няма як жыць:

устаць у рост, ісці, дзе заманецца,

рабіць, што ўмееш, што да рук хінецца, —

як жыць, калі няма табе як жыць?!.


А жыў бы ж, нават цераз «не магу»,

каб нехта, хоць адна душа жывая,

як крыж, давалакла цябе да краю, —

о, жыў бы, нават цераз «не магу»!


Каб там, на краі тым, на тым лязе,

дзе дух адпрэчыць спрыкрылае цела,

падзячыць, што цябе, як ліст зжаўцелы,

навек віхор богведзь куды знясе…


Немалаважна і тое, што не баялася паэтка ні бога, ні чорта — пісала так, як лілося ёй на слых і на сэрца, словамі, якіх і не існавала да яе ў прыродзе, стварала і сваю мову, і свой свет. Багаты ўнутраны свет, нашмат шырэйшы за межы цела, вазка і рэальнасці, у якой не павярнуцца. 

Ці не першай са сваіх каляжанак яна пачала верлібры? Зрэшты, горача любімая ёю французская літаратура рана ці позна павінна была даць выспець гэтай «сапсаванасці», модзе на свабодны верш, які не любілі і не разумелі традыцыяналісты. Роўна як не любілі і змрочнасці, эстэтыкі смерці і ўсяго, што выбівалася з агульнага наратыву «светлай будучыні». 


Глядзіце таксама

Ну хіба можа жанчына пісаць вершы пра кроў, укрыжаванне, айчыну? Жанчыны-дзьмухаўцы не ўмеюць такога. Ніна Мацяш, перакладчыца, перастваральніца «Маленькага прынца», умела.


Кроў цёмная


Кроў цёмная пячорна ўскалыхнецца —

і выплюхне на бледнае аблічча

барвяныя знакі тваёй няўзлюбнасці,

і захвастае драцяная пуга

невыбіраных слоў тваіх знішчальных!..

Ацямішся… Заплачаш горка-горка…


Бо па руінах басанож не ходзяць…


Бо муза, хоць і верніца, й даверніца,

а ўсім пра дух бунтоўны твой раскажа…


Бо сэрцу, ўцятаму драпежным буднем,

нядзелькаваць ужо адно ў малітве,

каб прабачальным дотыкам даткнуўся

Бог да цябе… да люду… да Айчыны…


Ніна Іосіфаўна ўмела сваё, беларускае выказаць не толькі невымоўнай прыгажосці словамі, быццам іншаземнымі, іншасветнымі — але нашымі. Яна стварала чароўныя гукапісныя мелодыі ў радках, што мала каму дадзена. Раскажыце пра бусла так, каб гэта было небанальна! «Чорна-чырвона-белы іерогліф жыцця», «пацалунак вясны»... Мне падаецца, каментары тут залішнія.


Буся


На крыжы твайго цела

вяртаюцца з выраю

траваквецце і птаства,

матылі і грамы.


Убачыць цябе ў палёце —

атрымаць блаславенне,

убачыць на доле —

уварціцца перасцярогі.


«Буся! Буся!» —

гукаюць услед табе дзеці,

а ты ляціш у гняздо сваё,

вятрам і небу адкрытае,

і засяроджана молішся

за іх

доўга-доўга.


Бусько, буся,

чорна-чырвана-белы

герогліф жыцця,

пацалунак прыроды,

якога баяцца

балотныя жабы і гады.


Пацалунак вясны

ззімелым

Палессю і мне


Вечнае, несаступнае займае сваё месца і ў думках паэткі, і ў душы чытача. «Покуль ёсць баязліўцы — будуць адважнікі», — быццам суцяшае яна нас і дае надзею, што брыда ніколі не возьме верх. І заклік да яднання, які з іншых вуснаў прагучаў бы як пусты пафас, з верша Ніны Мацяш, жанчыны вялікай мужнасці, гучыць як адзінае магчымае выйсце: як бы страшна ні было, яднаймася — і так пераможам.


Тут і цяпер


Тут

і цяпер

няўступна ўнушаецца,

што паныласць —

нармальны стан чалавека,

а прыязная ўсмешка —

гэта шчырасць

маскі.


Тут

і цяпер

ваявіта даводзіцца,

што хлусня —

гэта чыстая праўда,

што ж да праўды самой,

то яе

увогуле не існуе,

а, значыцца,

няма і хлусні.


Тут

і цяпер

расхлябенены

усе дзверы постраху,

каб замкнуліся вусны

на пытанні

пра духаўздымнае вызваленне,

магчымае тут

і цяпер.


Покуль ёсць адважнікі,

будуць і баязліўцы.

Покуль ёсць баязліўцы — 

будуць адважнікі.


Лунае высокае рэха:

Яднаймася!

Тут і цяпер!