«Лена годна вытрымае гэтае выпрабаванне»
Кацярына Сныціна — адна з найбольш вядомых баскетбалістак краіны. Капітан жаночай
зборнай Беларусі, майстар спорту міжнароднай клясы. А яшчэ яна сяброўка Алены Леўчанка. Вось што яна распавяла Свабоде.
— Вядома, мы ж усе людзі, унутры было прадчуванне, што прыйсці могуць
па кожнага. І, хоць я цяпер не ў Беларусі, хвалююся за кожнага
спартоўца, хто падпісаў ліст да ўладаў і ўдзельнічае ў маршах. Што
тычыцца Лены, так, яна была гатовая да такога павароту. Мы некалькі дзён
таму размаўлялі, абмяркоўвалі розныя варыянты развіцця падзеяў.
Зразумела, цяжка рыхтавацца да турмы, але, мне здаецца, яна ў той момант не разгубілася.
Добра яе ведаючы, упэўнена: Лена ўжо ўсё паставіла пад кантроль. І сама трэнуецца, і прыцягвае да практыкаванняў сукамерніц. Усцешыла відэа перад пачаткам суду, дзе яна расказвае, як дзяўчаты на нейкім паверсе спяваюць «Купалінку», што немагчыма ўжо зламіць дух беларускага народу. Цалкам у яе стылі. Таму нават не сумняваюся, што Лена годна вытрымае гэтае выпрабаванне.
Мы, наша нацыя, адзін аднаго спазналі гэтым летам.
Разгледзелі суседзяў па двары, цудоўных людзей у сваім мікрараёне,
горадзе, краіне. Відаць, і такі досвед таксама карысны, як ні дзіўна
прагучыць.
Пасля выхаду з жодзінскай турмы Сяргей Шчурко (спартовы журналіст
быў асуджаны на 15 сутак паводле таго ж артыкулу 23.34. — РС) казаў:
там, за кратамі, людзі не толькі не падаюць духам, а яшчэ больш
пераконваюцца, што робяць правільныя рэчы. І сістэму гэта выбівае з
каляіны, калі яны ідуць аж на такія меры — арыштоўваюць такіх.
Цалкам чытаць па спасылцы: www.svaboda.org