25-гадовага студэнта выклікаюць у інспекцыю па справах непаўналетніх
У ГДТУ ім. П. В. Сухога, дзе студэнты рэгулярна праводзяць маўклівыя
акцыі, пачалі інфармаваць аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных
мерапрыемствах, а навучэнцаў выклікаць у міліцыю для «гутаркі», паведамляюць "Моцныя навіны".
Памятку па прадухіленні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў студэнтам даюць пад роспіс. Спярша хлопцы малявалі "крыжык" або "галачку" , але пасля ціску частка студэнтаў усё ж пакінула свой роспіс.
А некаторым студэнтам пачалі паступаць званкі з «запрашэннем» прыйсці на «гутарку». Так, напрыклад, аднаму з хлопцаў патэлефанавала капітан міліцыі. Спачатку патрабавалі прыехаць «прама цяпер», але потым ўзгаднілі сустрэчу на зручны час. На прапанову перадаць позву на вахту інтэрната або праз дэканат на тым канцы провада адказалі: "Тэлефонны званок або sms прыраўноўваецца да позвы. Значыць, добра, не пытанне. Я напішу, што вы адмовіліся".
Характэрна, што 25-гадовага хлопца выклікалі не ў РАУС, а ў інспекцыю па справах непаўналетніх. На пытанне ў якасці каго студэнта выклікалі на "гутарку", спачатку адказалі: "Статусу ў вас ніякага няма. Вы запрашаецеся на гутарку для дачы пісьмовых тлумачэнняў з нагоды ўдзелу ў маўклівай акцыі 24 верасня. Удзельнічалі, не ўдзельнічалі? Калі ўдзельнічалі, то па якой прычыне? Усе. Больш да вас ніякіх пытанняў няма".
Калі хлопец паведаміў, што без статусу ён не мае намеру прыходзіць, то інфармацыя раптам змянілася — студэнт стаў "сведкам".
Дарэчы "гутарка" скончылася без складання пратаколу.