Музыка лёсу Алеся Камоцкага
Сёння 60-гадовы юбілей адзначае Алесь Камоцкі. Ён адрадзіў жанр гарадскога рамансу і паклаў пачатак сучаснай беларускай аўтарскай песні. Напісаў шмат хітоў для іншых выканаўцаў, сярод якіх «Я ішоў да цябе» Змітра Вайцюшкевіча, калыханка «Спі, мая кветачка». Мы шчыра віншуем майстра з юбілеем!
Калі ў мяне гасцяваў сябар з Кіева, я прапанаваў яму паслухаць новыя версіі старых песняў і назваць арыгінал. Як чакалася, ён ні разу не памыліўся, бо хто ж з нашага пакалення не ведае макраўсаўскую «Гармонь» альбо «Старый клён». Як і я, ён шчыра здзіўляўся крэатыўнасці самой ідэі — праспяваць па-новаму хіты мінулых гадоў на беларускай мове. Аўтар ідэі і ён жа выканаўца — Алесь Камоцкі.
Ноты дзяцінства
Нарадзіўся я ў Барысаве 9 чэрвеня 1958 года. Там жа пайшоў у сярэднюю школу №1, якая была недалёка ад хаты. У 1975 годзе бацькі адпусцілі мяне «ў свет». Я паехаў у Маладзечна ў музычную вучэльню, з якой выйшаў вядомы спявак і кампазітар Юры Антонаў. Правучыўся там толькі адзін год, бо забіралі ў войска. Служыў у Варонежы. Дзякуючы вучобе ў музвучэльні, адразу трапіў у аркестр. Амаль увесь час мы гралі на пахаваннях вайскоўцаў, якіх там было вельмі багата. Варонеж — горад, дзе жыло шмат адстаўнікоў, а вайсковых аркестраў там было, здаецца, усяго два. Зразумела, яны выкарыстоўваліся даволі актыўна. Гэтак жа, як і на дэманстрацыях 7 лістапада і 1 мая.
У 1979 годзе я дэмабілізаваўся і вырашыў не працягваць музычную адукацыю. Хацелася вучыцца на больш высокім узроўні. Пра гэта я думаў на працягу апошніх месяцаў службы. І «дадумаўся» да філасофскага аддзялення гістфака БДУ.
Упэўненасці, што паступлю адразу ж, у мяне не было, таму на ўсялякі выпадак запісаўся яшчэ і на падрыхтоўчае аддзяленне. Аднак мама параіла рызыкнуць. На сваё здзіўленне, я паступіў з першай спробы.
Мая мама, Ніна Уладзіміраўна Пацэева (у дзявоцтве Казлоўская), захавала свае прозвішча ад першага мужа, які загінуў у 1942 годзе. Мамін бацька Уладзімір Канстанцінавіч Казлоўскі мяне ў дзяцінстве і выхоўваў. На жаль, калі я вучыўся ў другім класе, ён адышоў у лепшы свет.
Бацьку звалі Верамей Герасімавіч Камоцкі. Ён родам з маленькай вёскі Разрыўка. Па цяперашняй геаграфіі, гэта Барысаўскі раён. Лёс у яго быў складаным, але расказваць пра сябе бацька не любіў. Бацькаву біяграфію я ўяўляў толькі ў асноўных рысах, а калі яго ўжо не было, капаўся ў паперах, каб мець уяўленне пра яго жыццёвы шлях. Зразумела, поўнай карціны не атрымалася, але некаторыя дэталі высветліць удалося.
У 7-гадовым узросце ён застаўся без бацькоў і жыў у заможнага дзядзькі. Дапамагала і тое, што ён разам са сваёй цёткай іграў на нейкіх вяселлях. Як потым казаў, «іграў у скрыпачку». Яна, дарэчы, захавалася ў мяне па гэты дзень.
На прафесійным узроўні ён граць так і не навучыўся, але некаторыя танцы мог «папіліць».
Ён працаваў у розных месцах, у тым ліку грузчыкам, але пастаянна за поясам была кніжка. Паціху-паціху вывучыўся на настаўніка, але пачалася вайна, і папрацаваць яму не далі. Забралі ў зенітчыкі.
Паваяваў нядоўга, да канца 1941 года. Іх разлік трапіў пад нямецкую бомбу. Каго пазабівала, каго параніла. Майму бацьку пашанцавала. Застаўся жывы, але да канца вайны быў у розных шпіталях недзе ў Казахстане. Адна нага так і засталася пакалечанай. Да канца жыцця хадзіў «з кіёчкам», з чаго даволі часта жартаваў.
Калі потым вярнуўся ў Магілёў, дзе працаваў да вайны, атрымалася, што былая сям’я яго не прыняла. Гадоў з дзесяць жыў адзін, пакуль не «прыбіўся» да мамы.
Акорды юнацтва
Пазней мама расказвала, што тады бацька надта любіў выпіць, але я яго такім не помню. Больш за тое, не помню, каб паміж імі былі нейкія сур’ёзныя канфлікты.
Я многа за што ўдзячны сваім бацькам, але найперш за тое, што не лупілі і «не ганялі». Перавага аддавалася іншым метадам уплыву. Маральным. Самым жорсткім пакараннем для мяне было, калі мама крыўдзілася і не хацела са мной размаўляць.
Бацькі давалі многа самастойнасці ў вучэнні. Мяне нават не правяралі наконт вывучаных урокаў. Дастаткова было сказаць, што яны зроблены. Пасля восьмага класа такія пытанні бацькі наогул задаваць перасталі.
Калі бацька не ведаў адказу на якое-небудзь маё пытанне, то абавязкова вяртаўся да яго пазней, праз дзень-два. Яго няма з 1987 года, але час ад часу я заўважаю за сабой выкарыстоўванне нейкіх бацькавых словаў і прыказак. Не карыстаючыся рэменем, ён, так бы мовіць, «загнаў мне сваю навуку пад скуру». Па жыцці гэта дапамагае вельмі істотна. Адным з самых маіх любімых быў настаўнік па батаніцы Сяргей Емяльянавіч Лісоўскі. Каля школы месціліся яго грады. Замест заняткаў па спевах я мог разам з Сяргей Емяльянавічам пакапацца ў зямлі. Ён быў вельмі рады.
Бацька закрыўдаваў на ўсё гэта і сказаў: не можа быць, каб у майго сына адсутнічаў музычны слых. Неяк «прыткнуў» мяне ў музычную школу. Карацей, я скончыў там клас акардэону, але толькі з-за настойлівасці бацькі. Спрачацца з ім не стаў, а праз пэўны час і сам троху «загарэўся» музыкай. Самастойна навучыўся граць на саксафоне. Пры Доме піянераў быў эстрадны аркестр — там і «дудзеў». На тыя часы гэта выглядала вельмі эфектна: мне павязалі піянерскі гальштук, а я «выдаў» сола — «Орлёнок, орленок, взлети выше солнца…».
Спрабаваў граць іншыя рэчы, але цягнулася ўсё нядоўга. Паступіў на клас кларнета ў музвучыльню, аднак хутка зразумеў, што гэта «не маё»…
Цікавая рэч жыццё. Тады я думаў, што ўвогуле не буду граць, а зараз са мной пагаджаюцца працаваць лепшыя музыкі краіны. Пра ўсё гэта некалі варта напісаць асобную кнігу.
Партытура жыцця
Мае аднакурснікі па «філасофіі» БДУ сталі значнымі асобамі ў гэтай галіне — прарэктар, загадчык кафедры, нядрэнныя выкладчыкі. Некалькі гадоў таму мы збіраліся «на каву» і адзін з іх кажа: «Здавалася б, я ў жыцця дабіўся вельмі многага да чаго імкнуўся, а часам зайздрыкі бяруць. Вось — Камоцкі. Яму ўжо пад палціннік, а ён расказвае, што яшчэ ходзіць вучыцца да нейкага выкладчыка па вакалу, будуе планы, хоча нечага новага».
Дарэчы, першы раз да выкладчыка па вакалу я сапраўды пайшоў у 49 гадоў.
Канешне, чуць тыя словы аднакашніка было прыемна, але я ўжо даўно для сябе зразумеў, што буду жыць, пакуль буду вучыцца. А вучыцца ў жыцця ёсць чаму заўсёды. Як сведчаць вучоныя, свой фізічны, разумовы і маральны рэсурс чалавек выкарыстоўвае на вельмі сціплы працэнт. Ёсць нават тэорыя, што свет развіваецца дзякуючы чалавечай ляноце.
Мы часта даволі абыякава і няўважліва ставімся да таго, што адбываецца вакол. Часта не заўважаем простыя рэчы, якім трэба шчыра радавацца. Напрыклад, змену часоў года, моманты, калі дзень роўны ночы. Упэўнены, гэта значна бліжэй да цуду.
Па-сапраўднаму мяне «прабіла» да музыкі і паэзіі толькі ў БДУ, хаця, здавалася, за плячамі ўжо была першапачатковая музычная адукацыя. Пачаў пісаць вершы. У школе я не разумеў нават, навошта яны патрэбныя. Размаўляеш нармальна, людзі цябе разумеюць — а тут нейкія рыфмы? Тое, што паважаюць людзей, якія, напрыклад, умеюць стругаць дошкі, — нармальна, а якую матэрыяльную карысць прыносяць паэты?
У войску пачаў нешта «крэмзаць» у блакноце, але гэта было хутчэй ад суму. Пазней стаў нешта спяваць пад гітару, але гэта былі выключна чужыя вершы. Самая моцнае ўражанне тых часоў — творчасць Караткевіча. У школе яго не выкладалі. Спачатку захапілі дэтэктывы «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Чорны замак Альшанскі», а калі прачытаў яго вершы, уражанне было такім моцным, што пачаў іх спяваць. Дарэчы, у той жа перыяд адкрыў для сябе і Уладзіміра Жылку.
Праз пэўны час перастаў саромецца пісаць сам. А потым лёс звёў мяне з паэтам нумар адзін сучаснай Беларусі — Рыгорам Барадуліным. Разам з ім напісана даволі шмат песняў. Я нават рызыкнуў яму паказаць свае вершы. Рыгор Іванавіч нічога там не правіў. Мы проста размаўлялі. А потым мне самому станавілася зразумелым, што і дзе трэба зрабіць інакш. Сябруем ужо каля 15 гадоў.
Свой першы магніта-альбом я запісаў у 1985 годзе. Тады гэта зрабіць было вельмі цяжка, бо прыватных студыяў яшчэ не існавала. Запісаў яго на беларускім тэлебачанні, але не ў студыі, а на буфетным складзе. Вакол стаялі скрыні з пустымі шклянкамі. Мы зацягнулі туды пульт, паставілі мікрафоны і пісалі адразу на касетную дэку, бо ніякіх там раздзяленняў не было. У мяне атрымаўся самы лепшы запіс. На жаль, пасля яго па п’янцы (смяецца — А. Т.) я недзе згубіў. Копіі потым знайсці атрымалася, але гэта ўжо не тое, бо арыгіналу не захавалася. Назву таму запісу даў даволі пафасную — «Першы сшытак». З гадамі іх сабралася нямала — адзінаццаць альбомаў. Бывае, на канцэртах людзі просяць мяне праспяваць песню, якую сам зараз амаль не помню. Прыемна, што нехта іх ведае і помніць.
Музыка лёсу
Як і многія філосафы, я працаваў па спецыяльнасці. То бок — кім давядзецца. Нават аднойчы шабашыў на будаўніцтве, а потым вырабляў мэблю. Дыплом, канешне, ёсць, і з нейкай нагоды яго можна паказаць, але які сэнс? Аднойчы хацеў здаць яго ў букіністычны магазін… Дыягену дыпломы былі не патрэбныя.
Граць на гітары пачаў яшчэ падчас універсітэцкай вучобы. Праз яе і пазнаёміўся з будучай жонкай Касяй Чалей. Яна таксама спявала песні пад гітару. Маленькая такая, худзенькая, але вельмі важная. Я нават падступіўся да яе не сам. Нас пазнаёмілі мае сябры. Паспрабавалі спяваць разам. Дуэт назвалі «Кася і Алесь». Не мы — іншыя. Менавіта такая назва была надрукавана ў адной з газет.
Паспявалі-паспявалі, а потым атрымалася неяк так, што я ажаніўся. Каталізатарам таго працэсу была Кася, бо я як быў тады «цельпуком», «мядзведзем», так і застаўся ім па гэты дзень.
Вяселле было ў 1982 годзе. Дакладней, у «класічным» выглядзе яго і не было. Адразу пасля таго, як мы ў загсе распісаліся і абмяняліся кольцамі, бацька Касі Альфрэд Васільевіч адвёз нас у аэрапорт, адкуль мы паляцелі ў Піцер.
Гэта была мая ініцыятыва. Яшчэ за два месяцы да роспісу я папярэдзіў, што ніякай п’янкі не будзе, бо я купіў білеты на рэйс, што праз дзве гадзіны пасля роспісу. Больш за тыдзень мы «гойсалі» па Піцеру. Кася прыляцела туды ў шлюбнай сукенцы, а я з жывой кветкай у валасах. Такімі да месца нашай «дыслакацыі» нас і прывёз таксіст. Мы адразу ж патэлефанавалі ў Мінск, дзе пілі за нас, а мы там параўноўвалі беларускую «Пшанічную» гарэлку, якую прывезлі з сабой, з мясцовай.
Калі вярнуліся дамоў, аднакурснікі не далі нам «зажаць мерапрыемства», і мы яшчэ месяц святкавалі. Кася вучылася таксама ў БДУ, на гісторыка. Толькі на год пазней за мяне. Пасля сканчэння БДУ я некаторы час працаваў у тэатры «Дзея» ў Міколы Трухана. Зразумела, не артыстам — спяваў песні.
Фармальна мы пражылі разам з Касяй дзевяць гадоў і развяліся ў 1991 годзе. Абодва вырашылі — колькі можна? Сябруем па гэты дзень. Толькі праз некалькі год пасля разводу я па-сапраўднаму адчуў, што мы радня. Нейкім сваяком адчуваю нават яе цяперашняга мужа — свае людзі.
Наша агульная дачка (таксама Кася) ставіцца да ўсяго станоўча і разумее, што бацькі ў яе — «нармальныя пацаны». Нам гэта вельмі прыемна.
12 гадоў таму я вынес з хаты тэлевізар. Навошта марнаваць час на прагляд сюжэтаў пра падманы і бойкі? Але ж прыцягвае, як наркотык. У мяне шмат іншых спраў. Часу і так не хапае. Асабліва зараз, калі ідзе праца над чарговым альбомам. Не ведаю, можа ёсць людзі, якія ўключаюць яго раз на год, каб выслухаць навагодняе віншаванне. У мяне ж тэлевізар працаваў у «фонавым» рэжыме, то бок быў уключаны амаль пастаянна і стабільна адцягваў увагу. Словам, ад гэтай халеры я пазбавіўся і ніколькі не шкадую.
Дарэчы, адбылося гэта якраз у той час, калі я перастаў ужываць алкаголь. Як кажуць, выпіў сваю «цыстэрну». Зайшоў даволі далёка. Стаў амаль «прафесіяналам».
Кідаць цалкам не хацелася — толькі для адпачынку арганізму. «Адпачываю» ўжо 16 гадоў.
Пасля разводу з Касяй я ажаніўся зноў. На сваіх песнях.