Адышоў у лепшы свет мастацтвазнавец Сяргей Гваздзёў

Раніцай 24 ліпеня заўчасна памёр шматгадовы аўтар «Новага Часу», мастацтвазнавец Сяргей Гваздзёў. Развітанне з ім адбылося 26 ліпеня ў крэматорыі Паўночных могілак з 13.00 да 13.45.

Фота Анатоля Мяльгуя

Фота Анатоля Мяльгуя


Сяргей Гваздзёў папулярызаваў выяўленчае мастацтва, шмат сіл і часу аддаў пошукава-даследчай працы, вяртаў імёны напаўзабытых мастакоў Заходняй Беларусі ў нацыянальную культуры.
Сяргей Гваздзёў нарадзіўся 2 ліпеня 1957 года ў Мінску. Закончыў філфак БДУ. Працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) Акадэміі Навук, дзяржаўным мастацкім музеі. Загадваў перасоўнымі мастацкімі выставамі ва ўстанове Міністэрства культуры. У 1987–1989 гадах вучыўся ў Маскоўскім вочна-завочным інстытуце работнікаў мастацтва і культуры.

Фота Анатоля Мяльгуя

Фота Анатоля Мяльгуя


Мноства арыкулаў Сяргей Гваздзёў прысвяціў беларускаму выяўленчаму мастацтву, пісаў сцэнары для літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання, супрацоўнічаў з Маладзёжнай рэдакцыяй Беларускага радыё, удзельнічаў у шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцыях, працаваў над папулярным слоўнікам-каталогам заходнебеларускіх мастакоў і творцаў міжваеннага перыяду. У 1999 годзе стаў стыпендыятам праграма Касы Мяноўскага Польскай Акадэміі Навук.
З 2002 года Сяргей Гваздзёў праз стан здароўя мусіў сысці на пенсію, аднак мастацтвазнаўчых даследаванняў і навуковых росшукаў не спыніў, працягваў рыхтаваць артыкулы і працаваў над кнігамі.
Яго манаграфія “Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі”, прысвечаная не толькі знакамітым творцам, аднак і тым, чые імёны ў наш час былі падзабытыя ці зусім не вядомымі, пабачыла свет у бібліятэчцы “Новага Часу” ў 2013 годзе.

kreski_da_partretau_logo.jpg


Манаграфію пра мастацтва Заходняй Беларусі Сяргей Гваздзёў задумваў як двухтомнік. Над другой часткай ён працягваў працу, але скончыць не паспеў.
Рэдакцыя “Новага Часу” выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім Сяргея Гваздзёва.