Ад дзяржавы падтрымкі не чакаць: будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай скарацілася на 20%

У Беларусі захоўваецца праблема з будаўніцтвам новага жылля. За студзень-лістапад арганізацыі ўсіх формаў уласнасці ўзвялі нерухомасці на 5,2% менш, чым за аналагічны перыяд 2022-га, паведамляе Белстат. Пры гэтым зафіксавана прыкметнае падзенне па жыллі з дзяржпадтрымкай.

_belarus_horad_ljudzi_pracounyja_budaunictva_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

За 11 месяцаў гэтага года ў цэлым па краіне ўзвялі 3 млн 290,6 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Гэта на 5,2% менш, чым за аналагічны перыяд 2022-га, пішуць «Белнавіны».

З дзяржпадтрымкай за 11 месяцаў гэтага года пабудавалі 878,6 тысяч квадратных метраў. Гэта на 20,9% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. У сітуацыі, калі для сярэднестатыстычнага беларуса важна абзавесціся ўласнымі квадратнымі метрамі, зніжэнне дзяржпадтрымкі ў гэтым пытанні для ільготнікаў можа быць адчувальным момантам.

Тым часам чыноўнікі імкнуцца не акцэнтаваць увагу на падзенні тэмпаў будаўніцтва жылля. Да прыкладу, 15 лістапада Аляксандр Чарвякоў, які на той момант займаў пасаду міністра эканомікі, заяўляў, што лепш за ўсё сітуацыя ў такіх сферах, як прамысловасць, будаўніцтва і гандаль. Пры гэтым ён не стаў казаць аб праблемах з узвядзеннем новага жылля.

Нагадаем, у пачатку снежня банкі перагледзелі працэнтныя стаўкі на некаторыя крэдыты, у тым ліку на нерухомасць. У большасці выпадкаў іх павысілі.

Глядзіце таксама