Аўстралія ўвяла санкцыі супраць 13 беларускіх чыноўнікаў і юрасобаў, у тым ліку міністра абароны Хрэніна

Персанальныя санкцыі супраць міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна ўвялі за дапамогу расійскай агрэсіі супраць Украіны, паведамдяе парламент Аўстраліі.

Віктар Хрэнін

Віктар Хрэнін


«Акрамя таго, мы ўвялі санкцыі ў дачыненні да 13 беларускіх фізічных і юрыдычных асоб, у тым ліку беларускага міністра абароны Віктара Хрэніна, які дапамагаў і падбухторваў пуцінскую агрэсію, дазваляючы Расіі здзяйсняць атакі з Беларусі», — гаворыцца на сайце аўстралійскага парламенту.
Імёны іншых 12 асоб не ўдакладняюцца.
Апроч таго, урад Аўстраліі рашуча падтрымлівае заявы Еўрапейскай камісіі, Францыі, Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі, Канады і ЗША аб далейшых абмежавальных эканамічных мерах у адносінах да ключавых расійскіх банкаў, устаноў і прыватных асоб. 
Гэтыя меры ўключаюць:

  • выдаленне асобных расійскіх банкаў з глабальнай сістэмы абмену плацежнымі паведамленнямі SWIFT
  • абмежавальныя меры, накіраваныя на прадухіленне выкарыстання Цэнтральным банкам Расіі сваіх міжнародных рэзерваў у абыход санкцый
  • абмежаванне так званых залатых пашпартоў для багатых расіян, звязаных з расійскім урадам
  • трансатлантычную мэтавую групу для выяўлення і замарожвання актываў асоб і кампаній, якія знаходзяцца пад санкцыямі, якія існуюць у межах іх юрысдыкцыі.

У сукупнасці гэтыя меры пацягнуць за сабой сур'ёзныя выдаткі для расійскай эканомікі, паколькі яе ключавыя банкі будуць адключаны ад міжнароднай фінансавай сістэмы, а расійскія гандлёвыя і інвестыцыйныя плыні будуць парушаны. Яны таксама паралізуюць валютныя рэзервы Расіі і не дазволяць расійскім чыноўнікам і эліце атрымаць доступ да ключавых фінансавых сістэм.
«Хоць мы чакаем, што абвешчаныя меры SWIFT будуць рэалізаваны на глабальным узроўні, мы зробім дадатковыя крокі па меры неабходнасці.
Урад Аўстраліі пацвярджае нашу цвёрдую падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і народа Украіны», — гаворыцца ў паведамленні.