Беларусь плануе да канца года пачаць альтэрнатыўны Расіі імпарт нафты
Беларуская нафтавая кампанія (БНК) разлічвае да канца гэтага года арганізаваць альтэрнатыўны Расіі імпарт нафты праз парты Балтыі ці Украіны, заявіў журналістам у аўторак у Мінску намеснік гендырэктара БНК Сяргей Грыб.
«Мы разлічваем у гэтым годзе пачаць пастаўкі (праз марскія парты — ІФ)», — сказаў Сяргей Грыб.
«Так, яны (парты — ІФ) вельмі зацікаўлены, калі мы дадатковы паток нафты пусцім праз парты альбо Украіны, альбо Балтыі. Дадатковы для іх адпаведна заробак», — дадаў прадстаўнік БНК.
Каментуючы магчымыя напрамкі імпарту, ён адзначыў, што «ўсё будзе залежаць ад умоў, якія дадуць нам сумежныя краіны па перавалцы і транспарціроўцы». «Альбо балтыйскія парты, альбо Адэса, альбо камбінацыя. Мазырскі НПЗ знаходзіцца бліжэй да Украіны, значыць, цалкам магчыма, калі на Мазырскі НПЗ, будзе, адпаведна, праз Украіну. Нафтан бліжэй да прыбалтыйскіх партоў, адпаведна, лагічна разглядаць парты Балтыйскага мора», — растлумачыў ён.
Сяргей Грыб таксама паведаміў, што ў выпадку імпарту нафты марскім шляхам праз порт Адэсы, для наступнай транспарціроўкі можа быць задзейнічаны нафтаправод Адэса-Броды.
Па словах намесніка гендырэктара БНК, пастаўшчык нафты пакуль не вызначаны. «Усё будзе залежаць ад цаны», — сказаў Грыб. У якасці магчымых варыянтаў ён назваў пастаўку з Азербайджана, Саудаўскай Аравіі, Нігерыі.
Сяргей Грыб адзначыў, што беларускія НПЗ могуць перапрацоўваць 18 гатункаў нафты. «Могуць быць пастаўкі з Азербайджана. З Ірана — хутчэй за ўсё, не, там санкцыі. Ці можам перапрацоўваць нафту з Саудаўскай Аравіі, нігерыйскую нафту таксама могуць перапрацоўваць», — растлумачыў ён.
Нагадаем, сёння стала вядома, што Беларусь спыніла экспарт бензіну і дызельнага паліва ў краіны Балтыі, Польшчу і ва Украіну з-за няякаснай расійскай нафты.
Паводле interfax.by