Беларусь у дэмаграфічнай яме — пенсіі будуць скарачацца

Сёлета ў першы клас у Беларусі пойдзе рэкордна малая колькасць дзяцей. На восень 2024 мы маем усяго 97 тысяч першакласнікаў. Для параўнання: у 2023-м у школу пайшло 110 тысяч дзяцей, у 2022-м — 115 тысяч, у 2021-м — 118 тысяч.

_belarus_fota_novy_czas__12__logo.jpg

Пра тое, як дэмаграфічны крызіс у Беларусі ўплывае на эканоміку, у студыі «Еўрарадыё» разважаў эканаміст, кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.

— Гэта кажа нам, што праз 10 гадоў у нас будзе значна менш студэнтаў, работнікаў. І гэта азначае, што ў Беларусі цягам 10, 15, 20 гадоў праблема з тым, як плаціць пенсіі, будзе толькі пагаршацца. Усё менш і менш людзей працоўнага ўзросту будуць вымушаныя ўтрымліваць людзей сталага ўзросту. Гэта азначае толькі адно: пенсіі будуць скарачацца, — тлумачыць Кавалкін.

Улады пра гэта ведаюць, хоць і публічна не заяўляюць гэта як праблему. І спрабуюць вырашыць пытанне з кадрамі ад адваротнага. Абяцаюць розныя плюшкі пенсіянерам і заахвочваюць іх працаваць замест таго, каб сядзець дома і атрымліваць пенсію. Скарочаная пенсія ў такім выпадку нібыта будзе большая.

Гэта ўратуе сітуацыю на рынку працы?

— У дзяржавы цяпер няма грошай, каб праводзіць такую палітыку. Асэнсаваную, доўгатэрміновую. Можа, год, можа, два гады яны будуць праводзіць гэтую палітыку. Але сітуацыя такая, што людзям будзе больш выгадна сядзець на пенсіі. Асабліва гэтая праблема будзе назірацца сярод мужчын, — кажа Кавалкін.


Глядзіце таксама

Гэтае меркаванне падмацоўваецца лічбамі. У Беларусі мужчыны паміраюць вельмі рана-у сярэднім ледзь перажываюць 64 гады. Гэта афіцыйныя звесткі Белстата.

Цяпер у Беларусі мужчын ва ўзросце 65-70 гадоў — 220 тысяч, 70-75 гадоў — 150 тысяч, 75+ гадоў — яшчэ 150 тысяч. Усяго мужчын узросту 65+ у Беларусі жыве крыху больш за 500 тысяч чалавек. Жанчын у гэтым узросце амаль удвая больш, 900 тысяч.

— Мужчыны працаваць не пойдуць, таму што яны хочуць свае апошнія пяць гадоў ад 60 да 65 спакойна пасядзець на пенсіі. Жанчыны толькі застануцца. Жанчыны бадзёрыя, але што ў такім узросце можна? Ужо сілы не тыя, можна простую працу выконваць. Ці будуць нас лячыць жанчыны-лекары, якіх выклікалі з пенсіі, — прагназуе эксперт.

Дэмаграфічныя праблемы перажываюць многія дзяржавы, і частка вырашае іх, запрашаючы да сябе працоўных мігрантаў. Беларусь таксама так магла б, калі б толькі ў нас была такая праца, якая зацікавіць замежнікаў.

Гастарбайтэраў, як у Расіі, прывесцітут патрэбны эканамічны ўздым. Які не прагназуецца і не назіраецца. Таму будзе дэградацыя, на жаль. Такі асноўны прагноз. Гастарбайтэры не прыедуць, бо лепш працаваць кіроўцам таксі ў Варшаве, напрыклад, а не ў Мінску. А самі беларусы не толькі не хочуць нараджацца, але і тыя, што нарадзіліся, з'язджаюць, — падсумоўвае Кавалкін.