Дэмаграфія: Тым, каму цяпер 35-45 гадоў, варта самастойна паклапаціцца пра сваю пенсію
Самыя складаныя часы дэмографы прарочаць Беларусі праз 20-30 гадоў, калі прыйдзе час шматлікаму пакаленню цяперашніх 35-45-гадовых самому сыходзіць на пенсію. Таму што дзяцей да 4-х гадоў так мала , як цяпер, у нас не было ніколі.
![_belarus_vjasna_verbnaja_njadzelja_carkva_vjalikdzen_horad_minsk_fota_novy_czas__4_.jpg _belarus_vjasna_verbnaja_njadzelja_carkva_vjalikdzen_horad_minsk_fota_novy_czas__4_.jpg](/img/v1/images/_belarus_vjasna_verbnaja_njadzelja_carkva_vjalikdzen_horad_minsk_fota_novy_czas__4_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На рынку працы ў Беларусі не хапае працоўных рук. Прычыны праблемы называюцца розныя — ад эміграцыі да дэвальвацыі каштоўнасці працы сярод моладзі. Аднак асновай з'яўляецца дэмаграфія. Наколькі яна цяпер спрыяльная рынку працы, высвятляла газета «Беларусы і рынак»
Да пачатку 2024 года, паводле афіцыйнай статыстыкі, доля насельніцтва ў працаздольным узросце скарацілася да 58,5% (годам раней было 58,7%). Адначасова павялічылася колькасць людзей пенсійнага ўзросту — з 23,5% у 2023 годзе да 24% у 2024-м.
Для параўнання: 20 гадоў таму, у 2004 годзе, колькасць працаздольнага насельніцтва дасягала 60,7%, а старэй за працаздольны узрост – не перавышала 21,3%. З тых часоў пенсійная планка зрушылася ўверх на 3 гады.
Нагадаем, канцом працаздольнага ўзросту лічыцца ўзрост выхаду на пенсію – цяпер гэта 58 гадоў для жанчын і 63 гады для мужчын.
Чаму колькасць пенсіянераў вырасла? На пенсію толькі што выйшла шматлікая кагорта людзей, народжаных у канцы 50-х – пачатку 60-х.
Глядзіце таксама
![Што чакае беларусаў, якія вераць тэлевізару і возьмуць прыклад з Качанавай? Кавалкін: Нават ідыёты разумеюць, што ў фінансавую сістэму Лукашэнкі верыць нельга](/img/v1/images/_hroszy___infljacyja___zycce__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Цяпер насельніцтва ва ўзросце 60-64 года налічваецца 666 тысяч чалавек – і гэта вельмі шмат.
У той жа час асобаў, якія пакінулі рынак працы, замясціла пакаленне, народжанае ў сярэдзіне 2000-х: людзей 15-19 гадоў налічваецца толькі 493 тысяч чалавек. Гэта значыць, каля 170 тысяч людзей сталага веку, якія выбылі на пенсію, не былі замешчаныя маладымі.
Колькасць насельніцтва на пачатак 2024 года паводле ўзросту
![kolkasc_naselnictva_pavodle_uzrostu.png kolkasc_naselnictva_pavodle_uzrostu.png](/img/v1/images/kolkasc_naselnictva_pavodle_uzrostu.png?f=f&h=396&o=0&u=1718812038&w=528)
Ці стане лягчэй у будучыні?
Сёння ў разбіўцы насельніцтва па ўзроставых групах самай шматлікай кагортай аказваюцца людзі 35-45 гадоў — іх цяпер 1,5 мільёны:
- 780,2 тыс. ва ўзросце 35-39 гадоў,
- 723 тыс. ва ўзросце 40-44 гадоў.
Яны з'яўляюцца працоўнай асновай сучаснай эканомікі, іх шматлікімі рукамі папаўняецца Пенсійны фонд.
Самыя складаныя часы дэмографы прарочаць Беларусі праз 20-30 гадоў, калі прыйдзе час гэтаму шматлікаму пакаленню самому сыходзіць на пенсію.
А хто прыйдзе ім на змену?
Праз 20-30 гадоў у працаздольны ўзрост уступяць дзеці, народжаныя апошнія пяць гадоў, і тыя, хто народзіцца на працягу пяці бліжэйшых гадоў.
Глядзіце таксама
![Краіна без будучыні Ірына Халіп: Нараджаць у Беларусі гэтак жа небяспечна, як жыць і дыхаць](/img/v1/images/_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1_.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1716397875&w=660)
Колькі ж іх будзе?
На пачатак 2024 года дзяцей ад 0 да 4 гадоў налічвалася толькі 388,7 тысячы чалавек. І гэта гістарычны мінімум — так мала дзяцей у нас не было ніколі.
А гэта значыць, што людзям, якім цяпер 35-45 гадоў, варта самастойна паклапоціцца пра сваю будучую старасць — маладых працоўных на іх відавочна не хопіць.
Глядзіце таксама
![Аляксандр Лукашэнка папракнуў жанчын Лукашэнка папракнуў жанчын за нежаданне нараджаць. Чаму ён мусіць паглядзецца ў люстэрка](/img/v1/images/_belarus_ljudzi_dzeci_emihracyja_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Ці лічыцца міграцыя?
Афіцыйная беларуская статыстыка ўлічвае толькі тых, хто з'ехаў і паведаміў пра гэта ў кампетэнтныя органы. Гэта значыць, можна меркаваць, што рэальная колькасць працаздольнага насельніцтва ў краіне цяпер яшчэ ніжэйшая.
Зрэшты, песімістычны прагноз будучыні можа змяніцца, калі раптам у Беларусь не толькі вернуцца ўсе, хто з'ехаў, але і яшчэ масава паедуць здольныя да працы грамадзяне з іншых краін.