Беларускія чыноўнікі выступаюць за рэформы, але не ведаюць як

Беларускія чыноўнікі прызнаюць неабходнасць рэформаў, але не ўпэўненыя ў метадах іх правядзення. Такую выснову зрабілі аналітыкі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) па выніках новага апытання ў рамках праекта «Рэфорум».



4in.jpg

ural56.ru

Апытанне праводзілася з 18 кастрычніка па 30 лістапада па замове BISS Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ. Было апытана 50 чыноўнікаў на ўзроўні намеснікаў міністраў і кіраўнікоў дэпартаментаў міністэрстваў. Гэта ўжо другое падобнае даследаванне — першае праводзілася ў верасні 2014 года.

Аналітыкі адзначаюць, што доля рэспандэнтаў, абсалютна ўпэўненых у неабходнасці рэфармавання ў краіне, скарацілася за гэты перыяд з 50% да 42%. Доля тых, хто на пытанне «ці патрэбныя ў Беларусі рэформы?» адказаў «хутчэй, так», вырасла з 36% да 50%. Пры гэтым прыкметна скарацілася доля тых, хто адзначае, што рэформы «хутчэй не патрэбныя» (з 14% да 4%).

«Такім чынам, патрэба ў рэформах захавалася, аднак вырасла няўпэўненасць адносна спосабаў і метадаў іх правядзення. Гэты вывад пацвярджаецца таксама тым, што сярод апытваных вырасла доля дзяржаўных служачых, якія не ўпэўненыя ў напрамку рэфармавання», — адзначаецца ў даследаванні BISS.

Так, на пытанне, ці павінна змяняцца ступень дзяржаўнага ўплыву ў грамадстве, не змаглі адказаць 18% дзяржслужачых (у 2014 годзе — толькі 8%). Пры гэтым большасць рэспандэнтаў па-ранейшаму выступаюць за зніжэнне ступені дзяржаўнага ўплыву на розныя сферы жыцця краіны (такім чынам адказалі 56%, як і ў мінулы раз). Павышэнне ўплыву дзяржавы і ўзмацненне дзяржкантролю падтрымліваюць 36% апытаных супраць 26% у 2014 годзе.

Па выніках леташняга даследавання асноўнымі сферамі, якія маюць патрэбу ў рэфармаванні, чыноўнікі прыкладна ў роўнай ступені называлі эканоміку і сістэму дзяржкіравання. У гэтым годзе эканоміцы рэспандэнты надалі значна больш увагі, пішуць naviny.by.

«Доля тых, хто ставіць эканоміку на першае месца ў інтарэсах сябе і сваёй арганізацыі, вырасла з 30% да 46%. Доля тых, хто ў якасці прыярытэту для ўсёй краіны выбірае рэформу эканомікі, вырасла з 40% да 52%», — канстатуюць даследчыкі.

86% апытаных пагадзіліся з неабходнасцю эканамічных рэформаў у бліжэйшыя некалькі гадоў.

Пры гэтым варта адзначыць, што прыярытэтнасць рэформаў ва ўсіх астатніх сферах знізілася. «Аднак важна адзначыць, што гэта не закранула рэформу сістэмы дзяржкіравання — доля чыноўнікаў, якія ставяць рэформу дзяржкіравання на першае месца па важнасці, практычна не змянілася (24% у 2014 годзе і 22% у 2015-м)», — адзначаюць аналітыкі BISS.

Калі летась 70% апытаных дзяржслужачых адзначалі, што рэформу ў сферы ЖКГ і транспарту трэба правесці ў бліжэйшыя два гады, то цяпер такіх толькі 42%, а рэформа ЖКГ і транспарту саступіла другое месца па тэрміновасці правядзення рэформы сістэмы дзяржкіравання, якую 36% рэспандэнтаў жадалі б правесці ў самыя кароткія тэрміны.

Значна скарацілася ва ўспрыманні чыноўнікаў і тэрміновасць рэформы адукацыі — правесці яе ў бліжэйшыя некалькі гадоў, лічаць неабходным ужо не 46%, а ўсяго 18% рэспандэнтаў.

38% апытаных упэўненыя, што замежная дапамога Беларусі ў правядзенні рэформаў не патрабуецца. Пры гэтым толькі 10% лічаць, што ў гэтым рэспубліцы можа дапамагчы Еўразійскі эканамічны саюз (у мінулым годзе так лічылі 22%), 18% спадзяюцца на дапамогу з боку ЕС, 34% — Расеі, 16% — Кітая. Аб дапамозе з боку ЗША не выказаўся ніхто. Дапамога міжнародных фінансавых арганізацый сур'ёзна ўспрымаюць 34% апытаных чыноўнікаў.

Праект «Рэфорум» у падтрымку ініцыятывы ЕС «Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі для беларускага грамадства» рэалізуецца са студзеня 2014 года. Ён быў разлічаны на два гады, аднак пасля арганізатары прынялі рашэнне аб прадаўжэнні праекта да восені 2016-га.