Большасць беларусаў — за рэформы ў эканоміцы

Большасць беларусаў ацэньваюць эканамічнае становішча сваёй краіны як дрэннае і выступаюць за рэформы ў эканоміцы. 

Фота www.mignews.ru

Фота www.mignews.ru

Гэта вынікае з вынікаў апытання, якія перадаў БелаПАН кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні (БАМ, Варшава) Андрэй Вардамацкі.

Апытанне праводзілася з 28 сакавіка па 13 красавіка па ўсёй Беларусі, у ім прынялі ўдзел 1.063 чалавекі па рэпрэзентатыўнай выбарцы.

Эканамічнае становішча Беларусі на гэты момант як "вельмі добрае" ацанілі толькі 0,1% апытаных, як "добрае" — 3,8%, як "сярэдняе" — 38,4%. "Дрэнным" яго лічаць 39,3% рэспандэнтаў, "вельмі дрэнным" — 15%. 3,4% — не змаглі адказаць.

На пытанне, як змяніўся стан беларускай эканомікі за апошні месяц, 1,3% апытаных адказалі "палепшыўся", 54,6% — "застаўся ранейшым". У той жа час 39,3% апытаных лічаць, што стан эканомікі "пагоршыўся". 4,8% не змаглі адказаць.

Эканамічнае становішча сваёй сям'і вельмі добрым назвалі 0,4%, добрым — 5,7%, сярэднім — 50,5%, дрэнным — 33,5%, вельмі дрэнным — 8,6%. Не змаглі адказаць на пытанне 1,2% апытаных, 0,1% — сказалі, што ў іх "няма адказу".

Пры гэтым 2% рэспандэнтаў адзначылі, што за апошні месяц становішча іх сем'яў палепшылася. У 56,5% яно засталося ранейшым, у 40,3% — пагоршылася. Не змаглі адказаць 1,2%, а 0,1% заявілі, што ў іх няма адказу.

На пытанне, ці патрэбныя Беларусі эканамічныя рэформы, 78,9% адказалі "так", 8,4% — "не". Не змаглі адказаць 10,1%, адмовіліся ад адказу — 2,5%.

З тых, хто выступае за рэформы, 57,4% лічаць, што сутнасць рэфармавання павінна заключацца ў памяншэнні ролі дзяржавы ў эканоміцы. 31,1%, наадварот, мяркуюць, што дзяржава павінна павялічыць сваю ролю ў эканоміцы. Не змаглі адказаць — 11,2% апытаных, адмовіліся ад адказу — 0,3%.

БелаПАН