«Божа, гэта лепшы дзень у маім жыцці!» Звальненні на дзяржаўным ГМЗ №1

На дзяржаўным ГМЗ №1 усплёск самастойных звальненняў. Людзі розных узростаў выходзяць з дзвярэй са словамі: «Хопіць ужо, час пачынаць новае жыццё». Падставай стала трэцяя спроба кіраўніцтва завода ўвесці ўсеагульную матэрыяльную адказнасць,паведамляе onliner.by.

photo_2021_04_01_10_24_08.jpg

Сфатаграфаваць сваю працоўную кніжку на фоне адміністрацыйнага корпуса ГМЗ №1 — цяпер папулярны сюжэт у сацсетках. Рабочыя звальняюцца, бо супаставілі рызыкі і перспектывы, што нясе рашэнне кіраўніцтва завода ўвесці ўсеагульную матэрыяльную адказнасць.

Кажуць, што з ГМЗ №1 звольніліся больш за сто чалавек (лічба, хутчэй за ўсё, вышэйшая, але афіцыйнай пакуль няма).

Намеснік дырэктара ГМЗ №1 па ідэалогіі і агульных пытаннях Уладзімір Раманоўскі не стаў каментаваць onliner.by чуткі, якія гучалі ад пазаўчарашняга дня, і коратка запрасіў: «Прыязджайце і самі глядзіце». Журналісты адгукнуліся на запрашэнне і ўчора бліжэй да абеду вырашылі прыехаць і паглядзець.

У раёне абеду з дзвярэй галоўнага корпуса рэгулярна выходзілі людзі, але ніякага маштабнага дзеяння не адбывалася. Быццам усё як звычайна. Але людзі выходзілі з паперамі і працоўнымі кніжкамі. Усе кажуць, што журналістам трэба было раніцай прыходзіць — «чэргі былі даўжэйшыя».

Такім чынам, учора-сёння ў многіх апошні дзень. У тых, хто не стаў падпісваць новыя ўмовы працоўнай дамовы. Вось што кажуць былыя работнікі ГМЗ №1.

— Я 15 гадоў працавала. Стамілася. Цяпер яшчэ гэтая адказнасць, якую я параўноўваю з крэдытам у банку. На любым прадпрыемстве мінусы будуць, тут нават загадваць няма чаго.

— Асабіста мяне задзяўбла ручная праца. Фасоўка, варэнне, смятана, цукар, алей — усё закідваецца ўручную. Я стамілася фізічна. І тут яшчэ новая дамова. Трэба ўжо думаць пра будучыню.

— Нам усё жыццё тут казалі, што незаменных людзей няма, што чарга ў аддзел кадраў вялізная. Цяпер у іх ёсць магчымасць гэта паказаць.

— Якія планы? Адпачыць для пачатку. Будзе цяжка, але трэба з чагосьці пачынаць. А потым глядзець: шкадуеш ці не. Колькі можна трываць? У мяне спецыяльнасць была, а пасада — звычайная рабочая. Напэўна, я была занадта пасіўнай. На наступнай працы —ніякай фізічнай нагрузкі! Мы жывём у вялікім горадзе, тут шмат магчымасцей навучыцца, перавучыцца, з'ехаць, урэшце. Хоць мне падабаецца Беларусь. Але што рабіць...

— Што казала сёння кіраўніцтва? «Дзе вы знойдзеце такую працу...»

— Для прадпрыемства гэта не форс-мажор. Завязуць людзей з філіялаў. З Маладзечна, напрыклад.

— Божа, гэта самы шчаслівы дзень у маім жыцці. Я працавала майстрам. Яны нядаўна нам панізілі тарыфную стаўку (на капейкі, але ўсё ж), а цяпер адказнасць гэтая яшчэ... Працавалі амаль суткамі. Спачатку было 12 гадзін, потым 24. Потым 16, 19... Гэта значыць прыйшла ў 7 раніцы, сышла праз суткі (ці крыху раней), дзень, каб адаспацца, выхадны і зноў на сутачную змену. За гэта можна было зарабіць ад 700 да 850 рублёў.

— Я не ведаю, як яны будуць працаваць. Хай ужо раскладанкі ставяць у цэхах. Думаю, не спыняцца. Прымусяць працаваць каго-небудзь даўжэй за належны час, і ўсё. Стаўленне тут спецыфічнае, вядома, да работнікаў. Трэба пасля ўсяго адпачыць і фізічна, і маральна. А потым буду шукаць новую працу. Ужо запісалася на курсы.

— Мне адміністрацыя кажа: «Я плаціла раней, і нічога страшнага». І калегі з філіяла ў Маладзечне сказалі, што ўжо плацілі, хай і невялікія сумы пакуль. Я не хачу нічога плаціць з гэтага заробку. Таму буду шукаць новую працу.

— Я працавала маладым спецыялістам. Адпусцілі мяне з трэцяга разу. Але да гэтага цэлы год не прапаноўвалі наогул нічога новага. Ні ўмоў, ні інтэрната. «Дзякуй маме, што ты так добра працуеш». Ну, калі ласка!

Паводле onliner.by