Ці скончыўся страйк, які абвясціў Дылеўскі?

Месяц таму лідар Беларускага аб’яднання рабочых Сяргей Дылеўскі абвясціў пра пачатак рабочага страйку. Праз дзень ён паведаміў, што ад 10% да 30% рабочых адсутнічалі на працоўных месцах. Што змянілася за месяц? Выясвятляла Радыё Свабода.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Першыя некалькі дзён ад абвяшчэння страйку Дылеўскі казаў, што «ўсё ідзе ў рамках плану». Але пасля пачатку мігранцкага крызісу, калі ўвага СМІ сканцэнтравалася на падзеях на беларуска-польскай мяжы, тэма забастоўкі знікла. Амаль не паведамлялі пра яе і самі ініцыятары.

Ці скончыўся страйк?

Пра тое, як сітуацыя са страйкам выглядае сёння, расказала Свабодзе прэс-сакратарка Беларускага аб’яднання рабочых Вольга Катовіч. На пытанне, ці скончыўся страйк, паплечніца Сяргея Дылеўскага адказала:
«Насамрэч, не. Гэта бестэрміновы страйк, які будзе працягвацца да той пары, пакуль не будуць выкананыя патрабаванні працоўных. Гэта наватарская забастоўка. Для працоўных зроблена ўсё максімальна бяспечна», — кажа Вольга Катовіч.
Сума непрацоўнага насельніцтва, на яе думку, цяпер нават большая, чым у пачатку лістапада. Тады Дылеўскі называў лічбу — да 30% ад актыўных рабочых.
«Калі ўлічваць, колькі людзей звольнілі, то лічба стала большай. Да гэта дадаюцца тыя, хто цяпер на бальнічным. Медыкі кажуць, што амікрон ужо ў Беларусі, былі мігранты з паўднёвай Афрыкі. Нам медыкі сказалі, што ён хутчэй за ўсё быў у Беларусі ўжо да таго, як пра яго пачалі казаць у САЗ. Можна меркаваць, што хваля каронавіруса будзе яшчэ большай».
Катовіч кажа, што на многіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах рабочых адпраўлялі ў адпачынкі за свой кошт. Яны працягваліся нават да месяца. Да іх яна дадае і тых рабочых, якія мусілі з'ехаць з Беларусі.

«Мы на мяжы крытычнай масы, гаворка ідзе пра амаль 50% насельніцтва», — лічыць прэс-сакратарка Беларускага аб’яднання рабочых Вольга Катовіч.


Ці не стварылі ініцыятары страйку паралельную рэальнасць?

Заявы Дылеўскага пра страйк і колькасць яго ўдзельнікаў крытыкавалі не толькі праўладныя прапагандысты, але і апаненты ўлады. Яны абвінавачвалі Беларускае аб’яднанне рабочых у агучванні фэйкавых лічбаў і стварэнні паралельнай рэальнасці.
«Калі ім прасцей у гэта верыць, то канешне. Але мы ведаем, што яны ў дадзенай сітуацыі павінны абараняцца, даказваць, што ўсё добра. Калі „Гамсельмаш“ сыходзіў у бясплатны адпачынак пасля ўборачнай, то яны ў той жа дзень пабеглі здымаць, што гэта не забастоўка. Значыць, яны баяцца», — кажа Катовіч.

Калі страйк скончыцца?

Прэс-сакратарка Беларускага аб’яднання рабочых гаворыць, што рашэнне пра выхад са страйку кожны рабочы прымае самастойна, паколькі ён робіць гэта найперш для сябе.
«Магчыма, спатрэбіцца нейкі новы імпульс, бо многім недастаткова проста застацца дома і яны хочуць бачыць перспектыву. Мы ўжо рыхтуем новы крок і хутка будзе пра гэта абвешчана. Але абвяшчаць дэманстрацыі мы не можам. Мы не хочам рызыкаваць жыццямі людзей. Калі б мы фізічна знаходзіліся ў Беларусі, то маглі б сабе гэта дазволіць, бо выйшлі б разам з імі. Цяпер мы не можам іх падстаўляць. Калі ім зручней узяць бальнічны, чым сысці ў адпачынак, ці звольніцца, паехаць на лецішча або сысці ў запой, гэта іх выбар. Наша задача — застацца дома. Як? Не важна».
Мэта страйку, як кажа Катовіч, каб абвастрыць сітуацыю і прымусіць уладу да перамоваў.
«Мы разлічваем не на Лукашэнку, а на яго акружэнне. Бо гэтае акружэнне будзе здаваць яго ў першую чаргу, калі пабачыць, што ён не стаіць на нагах», — гаворыць прэс-сакратарка Беларускага аб’яднання рабочых.