Чакаць больш няма чаго. Беларусь не атрымае $ 200 мільёнаў сёмага траншу ад ЕФСР

Беларусь больш не можа прэтэндаваць на атрыманне 200 мільёнаў долараў апошняга, сёмага траншу крэдыту ЕФСР, паведамілі TUT.BY у прэс-службе Еўразійскага банка развіцця.

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

«Перыяд даступнасці сродкаў фінансавага крэдыту са сродкаў ЕФСР Рэспубліцы Беларусь мінуў 30 чэрвеня 2019 года, і з пытаннем аб яго далейшым прадаўжэнні Мінфін РБ да Упраўляючага не звяртаўся. З улікам гэтага дыскусіі па пытанні сёмага траншу не маюць юрыдычнай падставы», — заявілі ў банку.

Нагадаем, Мінск яшчэ з канца красавіка разлічваў атрымаць ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) сёмы транш. У канцы красавіка эксперты ЕФСР заявілі, што Мінск спазніўся з выкананнем умоваў атрымання траншу, бо не ў тэрмін унёс у парламент новы праект закона аб банкруцтве. У Мінфіне Беларусі запэўнівалі, што ўсе ўмовы выканалі своечасова.

І хоць пазней міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў запэўніваў, што і 200 мільёнаў долараў крэдыту ЕФСР, і 600 мільёнаў долараў дзяржкрэдыту Мінск атрымае, грошы так і не прыйшлі. Іх атрыманне аказалася прывязанае да тэмпаў «інтэграцыйных працэсаў», а падпісанне адпаведных «дарожных картаў» чакаецца ў снежні гэтага года.

Беларусь ужо атрымала 1,8 мільярда долараў ад ЕФСР. У сувязі з тым, што тэрміны прадастаўлення крэдыту пераносіліся, у пачатку года савет ЕФСР унёс змены ў праграму рэформаў у Беларусі, што падтрымлівалася фінансавым крэдытам ЕФСР на 2 мільярды долараў.

 Паводле news.tut.by