Да Народнага Ультыматума — 6 дзён. Ціханоўская абмеркавала забастоўку з шахцёрамі «Беларуськалія»

Сёння Святлана Ціханоўская пагутарыла з шахцёрамі і работнікамі прадпрыемства «Беларуськалій», паведамляецца ў яе тэлеграм-канале.

Фота з тэлеграм-канала Святланы Ціханоўскай

Фота з тэлеграм-канала Святланы Ціханоўскай

На сустрэчы прысутнічалі работнікі прадпрыемства «Беларуськалій». Таксама ў анлайн-званку ўдзельнічалі сузаснавальнікі фонду BySol Андрэй Стрыжак, Аляксандр Падгорны і Яраслаў Ліхачэўскі.
Шахцёры агучылі праблемы ўмоў і арганізацыі іх працы, а таксама пазначылі сітуацыю з ціскам з боку кіраўніцтва прадпрыемства. Работнікі «Беларуськалія» выказаліся, якім чынам страйк можа выяўляцца на іх прадпрыемстве максімальна эфектыўна.
Святлана Ціханоўская падзякавала шахцёрам і работнікам за іх ініцыятыўнасць і выказала надзею, што іх смеласць натхніць іншых далучацца да страйку. Яна падкрэсліла, што ўсе дадзеныя па правапарушэннях на прадпрыемстве ўносяцца ў санкцыйныя спісы.
Прадстаўнікі фонду падкрэслілі, што кожны дзень працуюць над аказаннем дапамогі звольненым супрацоўнікам заводаў і прадпрыемстваў. Таксама яны пазначылі магчымасць больш кропкавай падтрымкі з боку прыватных грамадзянскіх ініцыятыў.