«Дэфіцыт кадраў — не падстава адмовіцца ад звальненняў па палітычных матывах»
Беларускай эканоміцы не хапае больш за 150 тысяч работнікаў. Дэфіцыт кадраў у Беларусі расце, а абяцаная стабілізацыя на рынку працы ўсё ніяк не надыходзіць. Не дапамагае ні павышэнне заробкаў, ні статыстычныя маніпуляцыі. Як беглі людзі ад стабільнасці куды падалей, так і бягуць.
![_belarus_budzce_uvazlivymi_fota_novy_czas__1__logo.jpg _belarus_budzce_uvazlivymi_fota_novy_czas__1__logo.jpg](/img/v1/images/_belarus_budzce_uvazlivymi_fota_novy_czas__1__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Хоць рэцэпт на самай справе просты: саджаць трэба менш, яны і не пабягуць. Але менавіта гэты просты рэцэпт беларускім уладам і недасяжны. Саджаць менш яны ўжо не ўмеюць, піша Андрэй Бранішэўскі ў Plan B.
Колькі тысяч чалавек не хапае?
Сто пяцьдзесят тысяч чалавек — гэта толькі тыя, якіх не хапае афіцыйна. То-бок, гэта колькасць вакансій, якая значыцца ў Рэспубліканскім банку вакансій. Але не ўсе працадаўцы, якім не хапае кадраў, хочуць мець што-небудзь агульнае з рэспубліканскім банкам вакансій.
А яшчэ ёсць статыстычныя маніпуляцыі. А ў статыстычных маніпуляцыях беларускія чыноўнікі дасягнулі такога ўзроўню майстэрства, што ўжо нават Лукашэнка просіць іх не хлусіць. Ну прынамсі яму. Але ж усё роўна хлусяць. Каб дэфіцыт кадраў менш кідаўся ў вочы, многія дзяржструктуры ідуць па шляху скарачэння штатных адзінак, якія няма каму заняць.
Вось па афіцыйных даных на пачатак сакавіка ў краіне не хапала 6,5 тысяч лекараў. Па незалежных ацэнках на самай справе дэфіцыт лекараў — каля 10 тысяч. Таму што сорак адсоткаў беларускіх лекараў працуюць больш чым на паўтары стаўкі.
А яшчэ ёсць людзі, якія беларускімі ўладамі лічыліся па разрадзе дармаедаў. Але пры гэтым плацілі беларускай дзяржаве падаткі і квартплату па павышаных тарыфах. Цяпер яны беларускімі ўладамі таксама лічацца па разрадзе дармаедаў, але плацяць падаткі польскай, літоўскай ці нямецкай дзяржаве.
Увосень генерал Карпянкоў казаў, што толькі ў заходнім кірунку з краіны з'ехалі 350 тысяч чалавек. Але гэта было восенню і толькі ў заходнім кірунку. А па выніках нядаўняга даследавання Белстату, ў Расіі працуе больш за 60 тысяч беларусаў. Зноў жа — афіцыйна.
Так што ў рэальнасці беларускай эканоміцы не хапае не 150 тысяч чалавек, а ў разы больш. Нават калі палова з тых, каго не стае, лічылася беларускімі ўладамі дармаедамі.
Глядзіце таксама
![Дэфіцыт кадраў назіраецца нават у дзяржкіраванні: працаваць няма каму «Большасць высакакласных спецыялістаў не пройдуць праверку на лаяльнасць рэжыму»](/img/v1/images/_belarus_minsk_zniven_2022_ljudzi_zyccjo_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нічога не дапамагае
Ужо колькі разоў чыноўнікі паўтаралі, што сітуацыя на рынку працы стабілізуецца. Горш ужо не будзе. А рынак працы ім аптымістычна адказваў: будзе, абавязкова будзе. Па стане на травень мінулага года дэфіцыт кадраў у краіне складаў 120 тысяч чалавек. У пачатку гэтага года эканоміцы не хапала 134 тысяч. Гэта значыць, за год дэфіцыт вырас на 30 тысяч чалавек, з якіх рост у 16 тысяч прыйшоўся на апошнія чатыры з паловай месяцы.
Павышэнне заробкаў, якія выраслі на 20 адсоткаў, дапамагае асобным прадпрыемствам і трошкі некаторым галінам. Але вырашыць праблему глабальна, у маштабах усёй эканомікі, не дапамагае. Пры росце заробкаў у машынабудаванні з тэмпаў вышэй сярэдняга МАЗу не хапае 14 адсоткаў работнікаў.
Яшчэ менш карысці ад экзатычных ідэй, якія прыходзяць у галаву беларускім чыноўнікам на разнастайных узроўнях. На самай справе ад іх экзатычных ідэй становіцца толькі горш. Прыгразілі запрыгоніць выпускнікоў вну, дык з краіны пабеглі выпускнікі школ. Хацелі ўпарадкаваць занятасць сярод чыноўнікаў, дык падобна, і сярод чыноўнікаў з'явіўся дэфіцыт кадраў.
Беларускі МУС вырашыў пасільным спосабам дапамагчы ў вырашэнні праблемы дэфіцыту кадраў і прайшоўся з рэйдам па вёсках. Выявілі 70 тысяч дармаедаў. Трэба думаць, што наступны крок — іх гвалтоўнае працаўладкаванне. Недарма ж хадзілі. Паляпшэнню паказчыкаў занятасці гэта, вядома, дапаможа. Эканоміцы — наўрад ці. Таму што да кожнага гвалтоўна працаўладкаванага дармаеда прыйдзецца прыставіць наглядчыка.
Нават некалькі тысяч патрыятычна настроеных пенсіянераў, на якіх разлічваў Лукашэнка, для беларускіх заводаў не знайшлося.
Глядзіце таксама
![Пенсіянеры — часовае выратаванне для зомбі-прадпрыемстваў «Гэта выглядае як спроба “залатаць дзіркі” пенсіянерамі, каб падоўжыць агонію»](/img/v1/images/_horad___ljudzi___rybak___czalavek__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Саджаць трэба менш
А няма адкуль ім знайсціся. Ні патрыятычна настроеным пенсіянерам на заводы, ні кадрам. Таму што падыходных для эканомікі кадраў у краіне не хапае фізічна. Гэта значыць, кадры ў краіне ёсць. Толькі эканоміцы ад гэтых кадраў ніякай карысці, акрамя шкоды.
Серыйная дармаедка Бондарава і прыхільнік рэпрэсій Азаронак прыбавачнага прадукту ствараць не ўмеюць. Яны прыбавачнай прадукт умеюць толькі псаваць. Хто-небудзь можа і рады быў бы ўжо перагарнуць старонку, ды змагары за стабільнасць не даюць.
Таму што стабільнасць у Беларусі так уладкаваная, што змяншэння рэпрэсій яна можа і не вытрымаць. Па даных праваабарончага цэнтра «Вясна» за першыя тры месяцы года па палітычных матывах у Беларусі затрымалі каля тысячы чалавек. За красавік — яшчэ трыста. У чым стабільнасць дамаглася поўнай стабільнасці, дык гэта ў колькасці рэпрэсій на душу насельніцтва за справаздачны перыяд. Дэфіцыт кадраў — не падстава адмовіцца ад звальненняў па палітычных матывах.
Таму што за дэфіцыт кадраў у краіне адказваюць адны, а за стабільнасць — зусім іншыя. І іх інтарэсы адзін аднаму раўналежныя. Таму, пакуль заводы шукаюць рабочых, сілавікі і пракуроры вынаходзяць новыя падставы для рэпрэсій.
Таму што ў сілавікоў і прапагандыстаў свае справаздачы і ўласнае ўяўленне пра стабільнасць.