Другая узлётна-пасадачная паласа ў аэрапорце «Мінск» павінна быць пабудавана да 2018 года

Да канца 2017 года неабходна пабудаваць другую ўзлётна-пасадачную паласу ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск», паколькі тэрмін эксплуатацыі дзеючай падыходзіць да канца, паведаміў журналістам дырэктар дэпартамента па авіяцыі Уладзімір Косцін.



airport.jpg

Кіраўнік дэпартамента растлумачыў, што па заключэнні расійскага спецыялізаванага інстытута «у 2018 годзе мы не зможам эксплуатаваць нашу паласу: па шэрагу сваіх характарыстык яна выйдзе з ладу». «Таму да канца 2017 новая паласа будзе пабудавана. У гэтым мы нават не сумняемся», — прыводзіць словы Косціна «Інтэрфакс».

Косцін нагадаў, што на сённяшні дзень беларускі бок працягвае перамовы з кітайскай кампаніяй «Точмаш» па праекце будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце. Паводле яго інфармацыі, у цяперашні час існуе праектна-каштарысная дакументацыя, якая прайшла дзяржэкспертызу. У адпаведнасці з ёй кошт праекта па будаўніцтве паласы складае прыкладна $300 млн.

«Цяпер прымаецца рашэнне па кошту праекта: будаваць за суму, якая прайшла экспертызу, або, можа быць, можна пабудаваць танней $300 млн», — распавёў Косцін. У сувязі з гэтым ён нагадаў, што падчас нядаўняга наведвання аэрапорта Аляксандр Лукашэнка даручыў прааналізаваць магчымасці патаннення праекта. «Думаю, у бліжэйшы час будзе прынята рашэнне па кошце. Таму пакуль рана казаць, хто будзе яе будаваць і за якую цану», — працягнуў кіраўнік дэпартамента. Аднак, заўважыў ён, «у любым выпадку яна не будзе перавышаць той кошт, якую вызначыла дзяржэкспертыза».

На яго погляд, рэальна рэалізаваць такі праект за два гады, пачаўшы будаўніцтва ў 2015 годзе. Косцін звярнуў увагу, што «зрабіць саму паласу, пакласці бетон, можна і за адзін сезон, але гаворка ідзе і аб усталяванні неабходнага светатэхнічнага абсталявання, сістэмы заходу на пасадку, камунікацый — гэта складанае інжынернае збудаванне».

Ён удакладніў, што плануецца пабудаваць паласу, здольную прымаць усе існыя тыпы паветраных судоў, уключаючы цяжкія самалёты, як Airbus 380, які з’яўляецца самым вялікім і цяжкім самалётам у свеце на сённяшні дзень.

У 2010 годзе Беларусь заключыла з Кітаем дагавор па праекце рэканструкцыі Нацыянальнага аэрапорта і на будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы. Аб’ём фінансавання гэтага праекта складаў $600 млн. Яго меркавалася рэалізаваць да 2014 года, аднак кітайскі бок заявіў аб павелічэнні кошту праекта практычна ў два разы. У сувязі з гэтым беларускія праекціроўшчыкі прыступілі да праектавання другой узлётна-пасадачнай паласы, якая павінна быць уведзена ў эксплуатацыю ў 2017 годзе.

У лютым бягучага года віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін залічыў будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце да праектаў, якія знаходзяцца пад пагрозай зрыву.