Дзе і за колькі будуць жыць удзельнікі Усебеларускага народнага сходу?

2 лютага Лукашэнка даручыў забяспечыць «камфортныя ўмовы працы і адпачынку» для дэлегатаў так званага «Усебеларускага народнага сходу» «Працаваць» дэлегаты будуць у Палацы Рэспублікі, а што з «адпачынкам»? Дзе і за колькі будуць жыць удзельнікі Усебеларускага народнага сходу?

Хто з дэлегатаў у «эканом» , а хто ў «апартаменты»?

Хто з дэлегатаў у «эканом» , а хто ў «апартаменты»?


Сход будзе праходзіць з 11 па 12 лютага. На гэтыя даты ў некалькіх гасцініцах Мінска не проста няма месцаў — яны ў прынцыпе выкрасленыя з календара, піша Еўрарадыё.

Напрыклад, у гасцініцы «Мінск». Верагодна, дэлегаты УНС, якія будуць жыць тут, заедуць напярэдадні сходу і паедуць адразу пасля яго заканчэння.

Забраніраваць нумары на 10 і 11 лютага немагчыма

Забраніраваць нумары на 10 і 11 лютага немагчыма

У гасцініцах «Беларусь» і «Планета» выкраслена яшчэ і 12-е. Відавочна, тут будуць жыць тыя, хто не збіраецца з’язджаць адразу пасля сходу і затрымаецца ў сталіцы яшчэ на суткі.

— У нас будуць пражываць дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. Зоймуць ўсю гасцініцу, — расказалі Еўрарадыё ў гасцініцы «Беларусь».

У «Юбілейнай» у браніраванні любых нумароў на час сходу нам таксама адмовілі.

— Тэлефануйце лепш у гасцініцы вышэй класам. Вы тэлефануеце ў гасцініцу, якая як раз будзе запоўненая дэлегатамі.

Зняць двухмесны нумар у гасцініцы «Беларусь» на суткі каштуе Br95; у гасцініцы «Юбілейная» twin абыйдзецца ў Br110, а ў «Мінску» — Br239.

Невядома, ці будуць гэтыя і іншыя гасцініцы заселеныя дэлегатамі цалкам — ад сціплых нумароў да люксаў. Затое прыблізна можна меркаваць аб тым, колькі дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу трэба забяспечыць жыллём у сталіцы.

Першапачаткова паведамлялася, што ў УНС прыме ўдзел каля 2700 дэлегатаў і гасцей. Ад Мінска ўдзельнічаюць да 370 чалавек, ад кожнай з абласцей — да 310. Інакш кажучы, каля 1800 дэлегатаў прыедуць на сход з беларускіх рэгіёнаў. У колькі абыдуцца бюджэту «камфортныя ўмовы» для іх «працы і адпачынку», палічыце самі.