Прадстаўнікоў апазіцыі запрасілі на Усебеларускі народны сход «без права голасу». Ці пойдуць?

Кіраўнікі шэрагу зарэгістраваных палітычных партый за тыдзень да Усебеларускага народнага сходу атрымалі тэлефонныя запрашэнні з апарату Савету міністраў стаць гасцямі «форуму».

07441049_070d_40c0_9c01_22b75418969c_w1023_r1_s.jpg


Як вынікае з паперы пад назвай «прапановы ў спіс запрошаных», паведамляе Радыё Свабода, патрапілі прадстаўнікі васьмі праўладных і дэмакратычных партый. Гэта:

  • Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя
  • Рэспубліканская партыя
  • Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды
  • Беларуская патрыятычная партыя
  • Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет»
  • Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)
  • Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада
  • Партыя БНФ

Свабода пацікавілася, ці прымуць запрашэнні лідары партый, якія пазіцыянуюць сябе апанентамі ўладаў?

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў сказаў, што прынцыповы адказ будзе дадзены вы выніках пасяджэння прэзідыуму ЦК партыі 7 лютага. «На жаль, склікаць Цэнтральны камітэт ужо не стае часу, давядзецца абмеркаваць вузкім колам», — адзначыў ён.

Пры гэтым яго асабіста не задавальняе, што ўлады вырашылі дапусціць апазіцыю толькі ў ролі назіральнікаў: адрозна ад дэлегатаў, статус гасцей мае на ўвазе толькі прысутнасць.

З такой жа нагоды на нядзелю запланаваны збор актыву Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», паведаміў намеснік старшыні Мікалай Ухналёў.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў на гэты момант не атрымліваў ні тэлефоннага, ні пісьмовага запрашэння. «Калі будзе афіцыйны ліст, зразумела, будзем вырашаць калегіяльна на ўзроўні Сойму, — удакладніў ён. — Тым не менш, мы яшчэ раней акрэслілі сваю пазіцыю: поўнае ігнараванне марыянетачнага сходу. Партыя неаднаразова прапаноўвала да разгляду дарожныя мапы дзеля ўрэгулявання палітычнага крызісу, а замест гэтага атрымалі рэпрэсіі супраць нашых актывістаў — чаго вартая адна справа Вітольда Ашурка. І пасля гэтага ісці, рабіць выгляд, што нічога не здарылася?», — кажа Кастусёў.

Катэгарычны ў сваім рашэнні старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, кандыдат у прэзідэнты на апошніх выбарах Сяргей Чэрачань. Ён пацвердзіў, што напярэдадні яму патэлефанаваў кіраўнік апарату Савету міністраў Канстанцін Бурак і запрасіў на сход у якасці госця. Што партыйнага лідара не задавальняе.

«Я бачыў у інтэрнэце гэтую паперу — спіс для ўнутранага карыстання, не болей, афіцыйныя запрашэнні так не робяцца, — гаворыць Сяргей Чэрачань. — І дзеля чаго ісці? 2400 дэлегатаў, яшчэ 300 госці, якія ніякім бокам не маюць адносінаў да кворуму, бо не бяруць удзел у галасаванні. Зрэшты, усе рашэнні ўжо прынятыя, адмысловыя людзі будуць уздымаць свае мандаты толькі намінальна».

Паводле Сяргея Чэрачня, яго рашэнне адназначнае: ніякага ўдзелу ў «палітычным спектаклі». Фармат «псеўдафоруму» не для таго разлічаны, каб пачуць альтэрнатыўную пазіцыю, мяркуе ён.