«Сціпласць, яна, як вядома, упрыгожвае». Арганізатары УНС паказалі, што атрымаюць дэлегаты
Арганізатары Усебеларускага народнага сходу паказалі, якія наборы раздадуць дэлегатам, і асабліва звярнулі ўвагу, што «ўсё сціпла».
Для тых, хто прыедзе на Усебеларускі народны сход, ужо прыгатаваныя раздаткавыя наборы. Арганізатары форуму паказалі камплект і суправадзілі сваю прэзентацыю словамі: «Усё сціпла, без лішняй паказухі. Сціпласць, яна, як вядома, упрыгожвае». Увесь набор запакаваны ў партфель «без изысков, но с флагом». onliner.by прапануе паглядзець, што там унутры.
У партфелі — «вялікі прыгожы арганайзер, распрацаваны спецыяльна для УНС», сувенірны нататнік з адрыўным лісцікамі («проста для зручнасці: не ўсё ж трэба ў арганайзер запісваць», удакладняюць арганізатары), дзве металічныя асадкі ў скрыначцы, брашура з праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяць гадоў («падглядаць, калі спатрэбіцца»). Яшчэ прадугледжаны камплект медыцынскіх масак і сродак для дэзінфекцыі.
Здаецца, не так і шмат. Але ўсё гэта трэба памножыць на дзве з паловай тысячы штук.