Ціханоўская: Людзі выйдуць на вуліцу. І іх значна больш, чым дэлегатаў УНС

«"Усебеларускі наменклатурны сход" спрабуюць выставіць як нешта, што выказвае волю народа. Але каго яны лічаць народам?» Святлана Ціханоўская апублікавала чарговы відэазварот да беларусаў.


Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў перад УНС Лукашэнкі.
«2700 чалавек — гэта не зацверджаная колькасць беларусаў, якія могуць прымаць рашэнні нацыянальнай значнасці. Гэта проста змяшчальнасць Палаца Рэспублікі», — зазначыла Ціханоўская.
Яна перакананая, што гэта — усе, каго ўлады змаглі сабраць на УНС пад прымусам, прычым некаторыя дэлегаты даведаліся пра тое, што іх накіроўваюць на сход, са СМІ.
Святлана Ціханоўская нагадала, як увосені беларусаў спрабавалі сабраць на «супермітынг» за Лукашэнку, які ў выніку не адбыўся — тады нават ціск не спрацаваў.
«2700 чалавек на УНС — гэта толькі чыноўнікі і ідэолагі. Адабраная публіка, якая не скажа яму «сыходзь». Ён не можа выступіць перад рэальнымі людзьмі. Ён ні разу не рабіў гэтага з той самай паездкі на МЗКЦ 17 жніўня. Выйсці на вуліцу яму цяпер не пад сілу. А людзі выйдуць. Таму што ніхто не хоча чуць пра пяцігодкі, калгасы, саўгасы. Таму што мы хочам будаваць сваю будучыню, а ён хоча «захоўваць харчовую бяспеку».