Cвятлана Ціханоўская і амбасадарка ЗША Джулі Фішэр усклалі вянкі да месца пахавання Каліноўскага
З нагоды міжнароднага Дня салідарнасці з Беларуссю, амбасадарка ЗША Джулі Фішэр і Святлана Ціханоўская ўсклалі вянкі да месца пахавання героя Беларусі, Літвы і Польшчы Кастуся Каліноўскага на могілках Росы ў Вільні.

Ціханоўская падкрэсліла, што трэба ведаць сваіх герояў, гістарычных і цяперашніх, паведамляецца ў тэлеграм-канале палітыка. «Гэты тыдзень сапраўды можна назваць тыднем герояў Беларусі: 2 лютага быў дзень народзінаў Каліноўскага, 4 лютага — дзень народзінаў Касцюшкі. Аднак галоўныя героі сучаснай Беларусі — гэта тыя, хто сядзiць у турмах за свае погляды. Тыя, хто выходзiць на вуліцы. Тыя, хто ахвяруе сабой кожны дзень за свабоду. Сёння мы ўшаноўваем Каліноўскага, і ў нашых думках кожны, хто працягвае змагацца за свабодную Беларусь».
Цягам апошніх дзён Фішэр знаходзіцца ў Вільні, дзе
сустрэлася са Святланай Ціханоўскай, прадстаўнікамі яе Офісу, Кабінету
прадстаўнікоў, а таксама шэрагу беларускіх ініцыятываў і арганізацыяў.
