Еўра — больш за тры рублі. Следам за валютай абваліўся сайт Нацбанка
На таргах на Беларускай валютна-фондавай біржы 22 лютага беларускі рубель абваліўся да долара і еўра.
Курс долара падскочыў на 2,64% —да 2,6553 рубля.
Праз гадзіну пасля пачатку таргоў еўра перавысіў 3 рублі. Пасля заканчэння таргоў еўрапейская валюта вырасла на 2,08% — да 3,0007 рубля.
Курс расійскага рубля знізіўся на 1,67% — да 3,3117 рублі за 100 расійскіх рублёў.
Сёння днём таксама перастаў адчыняцца сайт Нацыянальнага банка Беларусі. Замест змесціва галоўнай старонкі карыстальнікі бачылі толькі паведамленне «Server unavailable» або «Не ўдаецца атрымаць доступ да сайта».
Падзенне беларускага рубля адбылося пасля заявы Уладзіміра Пуціна аб прызнанні самаабвешчаных ДНР і ЛНР.
21 лютага расійская валюта стала самай валацільнай у свеце, піша РБК са спасылкай на звесткі біржавога тэрмінала Bloomberg. Часовая валацільнасць расійскай нацвалюты да канца дня дасягнула 33,97%.