Інвестараў засталося на тры дні: ці ёсць прычыны заставацца ў Беларусі?
Апошнія некалькі месяцаў тэма інвестыцый у Беларусь хвалюе як эканамістаў, так і бізнес-супольнасць. Разбіраемся ў сітуацыі з інвестарамі, аналізуем статыстыку і разважаем, да чаго можа прывесці выбраная ўрадам эканамічная палітыка.
Як інвестыцыі ўплываюць на эканоміку краіны
Інвестыцыі — гэта ўкладанне грашовых сродкаў або іншых актываў для атрымання прыбытку ў будучыні. Інвестыцыі могуць складацца з куплі акцый, аблігацый, нерухомасці, фондавай маёмасці, а таксама са стварэння ўласнага бізнесу або набыцця долі ў існуючым прадпрыемстве. Мэта інвестыцый — атрыманне даходу ад росту кошту актываў, дывідэндаў, працэнтаў, здачы нерухомай маёмасці ў арэнду і іншых крыніц даходу. Мэта тых, хто атрымлівае інвестыцыі, — атрымаць «крэдыт» на свае патрэбы на больш выгадных умовах, чым можа прадаставіць банк.
Структура, памер і эфектыўнасць інвестыцый у краіне вызначаюць яе статус, магчымасці і канкурэнтаздольнасць эканомікі. Колькасныя змены інвестыцый закранаюць амаль кожны аспект эканомікі, а патокі капіталу стымулююць эканамічны рост. Інвестыцыі могуць змяніць метады вытворчасці на аснове трансферу ведаў, метадаў кіравання і тэхналогій, і тым самым могуць ініцыяваць значна больш глыбокія змены, чым проста гандаль і атрыманне прыбытку.
Яшчэ замежныя інвестыцыі з'яўляюцца магутнай сілай, якая вядзе да эканамічнай інтэграцыі.
Аднымі з самых эфектыўных інвестыцый з’яўляюцца прамыя замежныя інвестыцыі (ПЗІ) — укладанне сродкаў, пры якім замежны інвестар (гэта могуць быць дзяржаўныя і прыватныя арганізацыі, фізічныя і юрыдычныя асобы альбо іх аб'яднанні) валодае 10% (ці большым адсоткам) у капітале мясцовай кампаніі.
Што адбываецца з прытокам ПЗІ: падвышаецца ўзровень занятасці, падвышаецца прадукцыйнасць і адбываецца перайманне тэхналогій. Краіна, якая нарошчвае ПЗІ, атрымлівае павышэнне аб’ёму экспарту, доступ да міжнародных рынкаў, дадатковае фінансаванне.
Якія фактары ўплываюць на інвеставанне
Пры планаванні інвестарам важна выбраць надзейны варыянт інвестыцый, з дапамогай якога дакладна можна вярнуць і павялічыць укладзеную суму. Існуюць крытэрыі, якія дазваляюць ацаніць, ці надзейна займацца міжнароднымі інвестыцыямі ў той ці іншай краіне:
1. Палітычныя фактары — палітычная стабільнасць, прынцыпы ўрада;
2. Эканамічныя фактары — тэмпы эканамічнага росту, узровень інфляцыі, стабільнасць курсу валюты, працэнтная стаўка, ліквіднасць рынку, акцый і аблігацый, трываласць банкаўскай сістэмы, аб'ём золатавалютных рэзерваў, макраэканамічная стабільнасць;
3. Стымулы для замежных інвестараў — узровень падаткаабкладання, падатковыя льготы, маёмасныя правы і іншыя;
4. Іншыя фактары — адукацыя і навыкі працоўнай сілы, магчымасці для бізнесу, мясцовыя канкурэнты і г. д.
Давайце ацэнім гэтыя фактары ў нашай краіне.
Палітычная стабільнасць
У нейкім сэнсе, яна ёсць, калі глядзець на сітуацыю з чорным гумарам, — адзін і той жа чалавек знаходзіцца ва ўладзе шмат гадоў. Але аб’ектыўна палітычная сітуацыя ў Беларусі вельмі кепская і няпэўная: рэжым трымаецца, але невядома, што будзе праз год, два, пяць і дзесяць. Ці памрэ Лукашэнка, ці яго «падседзяць» падначаленыя, напрыклад, намеснік міністра ўнутраных спраў Карпянкоў, пра якога апошнім часам ходзіць шмат чутак. Альбо Лукашэнка прызначыць пераемніка, ці адбудзецца рэвалюцыя… Многія інвестпраекты з’яўляюцца доўгатэрміновымі, а ўпэўненасці, ці атрымаецца ажыццявіць праект і атрымаць прыбытак, няма, з-за магчымых змен улады. Таму такі расклад не можа задаволіць замежных інвестараў.
Эканамічныя фактары
Тут ёсць пэўныя поспехі і прыросты паказнікаў, але збольшага гэта адбываецца з-за «нізкай базы» — папярэднія кавідныя гады і першыя гады пад санкцыямі з-за ўдзелу рэжыму ў вайне з Украінай былі не самымі ўдалымі для беларускай эканомікі. Таму на гэтым фоне кожны адсотак «у плюс» улады паказваюць як неймавернае дасягненне.
Калі прайсціся па фактах, то атрымліваецца наступнае: толькі за першы месяц года інфляцыя амаль дасягнула планавых гадавых паказчыкаў, золатавалютныя рэзервы скарачаюцца, курс валют не з’яўляецца прыкладам стабільнасці, тэмпы эканамічнага росту невысокія. Як бачым, большасць фактараў з’яўляецца не вельмі заваблівымі для інвестараў у цяперашні час.
Стымулы для замежных інвестараў
На паперах яны дакладна ёсць, і некаторыя з іх дакладна працуюць. Напрыклад, менавіта дзеля інвестараў былі спрошчаны бюракратычныя працэдуры ў будаўніцтве, што дазволіла значна скараціць тэрміны і кошт праектавання і будаўніцтва аб'ектаў. Таксама не так даўно быў спрошчаны парадак зносу старых будынкаў і збудаванняў, уключэння невыкарыстоўваемай маёмасці ў гаспадарчы абарот.
Многія інвестары вызваляюцца ад падатку на прыбытак (на розныя тэрміны), ад мытных пошлін пры ўвозе абсталявання, у іх ёсць магчымасць дзяржзакупак часткі прадукцыі ў рамках спецыяльных інвестыцыйных дамоваў. Ёсць яшчэ і іншыя «плюшкі», умовы крыху адрозніваюцца з улікам сферы, сумы і краіны інвестара.
Але што адбываецца ў рэальнасці? Улады Беларусі пастаянна мяняюць правілы гульні для інвестараў — прыдумляюць новыя ўказы, законы, уводзяць дадатковыя нормы, стандарты і г.д. Часта гэта прыводзіць да змяншэння прыбытку ці ўвогуле да немагчымасці працаваць. Разгледзім два прыклады такіх паводзінаў беларускага ўрада. Першы — аўстрыйская кампанія Telekom Austria прызнала абясцэньванне абсталявання сваёй сонечнай электрастанцыі ў Брагінскім раёне ў памеры 3 млн еўра. Зніжэнне даходаў у энергетычным сектары адбылося пасля таго, як год таму дзяржава прыпыніла прымяненне спецыяльных каэфіцыентаў да тарыфаў на закупку «зялёнай» электраэнергіі на фоне запуску БелАЭС.
Другі прыклад — у верасні 2023-га года з'явіліся дадатковыя ўмовы ў дачыненні да тых замежных удзельнікаў і ўласнікаў маёмасці беларускіх кампаній, якія звязаныя з краінамі, што ўвялі санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Новыя правілы не дапускаюць вывад дывідэндаў за межы краіны.
«У мяне была тактыка, і я яе прытрымліваўся»
Беларускі ўрад увогуле забыўся на інстытут рэпутацыі, такое адчуванне, што яны мяркуюць, быццам дзесьці ёсць бяздонны калодзеж інвестараў, адкуль яны бясконца будуць прыходзіць у Беларусь. Улады абсалютна не клапоцяцца пра выбудоўванне доўгатэрміновых стасункаў з інвестарамі, не зарабляюць іхнюю лаяльнасць, дзейнічаюць «тут і цяпер» для маментальнай выгады, не ўмеючы разважаць стратэгічна і глядзець у будучыню.
Таму Беларусь і атрымала судовы пазоў за нявыплату дывідэндаў па еўрабондах ад расійскіх інвестараў, таму з Беларусі сыходзяць буйныя і паспяховыя замежныя кампаніі, якія яшчэ нядаўна інвеставалі ў нашую краіну, — Kronospan, JYSK, Mcdonald's, H&M і іншыя.
«Адсякаючы» такім чынам інвестараў, дзяржава спыняе не толькі прыток грошай у краіну, а і прыток тэхналогій — ліцэнзій, патэнтаў, схем бізнес-працэсаў, якімі «дзеляцца» інвестары. Гэта вядзе да адставання Беларусі з пункту гледжання тэхнічнага прагрэсу і адміністравання. Будзе як з вакцынай ад кавіду, якую Беларусь стварыла толькі нядаўна, калі кавід ужо не прадстаўляе небяспекі. А так будзе з усімі сферамі — асваенне тэхналогій у нас будзе тады, калі яны ўжо будуць непатрэбныя ці прасунуцца далёка наперад.
Што кажа статыстыка
За 2023 год у рэальны сектар эканомікі замежныя інвестары ўклалі 7,7 млрд долараў, прырост у параўнанні з 2022-м — 11,6%.
Так, у параўнанні з паказчыкам мінулага года гэта выглядае як прырост — у 2022 годзе інвестыцыя склалі 6,9 млрд долараў, але ў 2020-м і 2021-м яны дасягалі 8,7 млрд долараў. А ў найлепшы час для замежных інвестыцый, 2018-ты год, яны склалі 10,8 млрд долараў. У такім разрэзе гэта сярэдні паказчык і вялікай радасці тут няма, ёсць маленькая — таму што гэта лепш, чым у мінулым годзе.
Асноўнымі інвестарамі арганізацый рэспублікі былі суб'екты Расійскай Федэрацыі (66,7% ад усіх інвестыцый) і Кіпра (14,7%).
Што можа хавацца за адсоткамі Кіпра: гэта афшорнае інвеставанне, беларускае альбо расійскае, так званы «кругазварот капіталу» — схема, пры якой мясцовыя грошы перамяшчаюцца за мяжу, а затым вяртаюцца ў айчынную эканоміку ў форме прамых інвестыцый.
Распаўсюджанне такіх схем можа сведчыць аб кепскіх умовах для вядзення бізнесу, якія вымушаюць прадпрымальнікаў рэгістраваць свае кампаніі ў афшорных зонах для мінімізацыі падаткаў альбо з-за іншых прычын.
Калі пачытаць Указ № 411 ад 28 лістапада 2022 года «Аб найважнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2023 год», то там можна пабачыць планавы паказчык: павелічэнне інвестыцый у асноўны капітал. У адносінах да 2022 года ён павінен быў скласці 22,3%. Белстат ацаніў фактычны рост інвестыцый у асноўны капітал па выніках 2023 года ў 14,8%.
Ва Указе № 307 ад 2 кастрычніка 2023 «Аб найважнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2024 год» інвестыцыі ў асноўны капітал за 2024 год павінны павялічыцца на 3,9% у супастаўных цэнах. Гэта даволі рэальны паказчык, улічваючы ўсе вышэпералічаныя акалічнасці і нізкія вынікі папярэдніх гадоў.
Калі ўлады працягнуць праводзіць такую эканамічную палітыку датычна інвестараў, то ў бліжэйшыя пяць год іх колькасць (і колькасць іх інвестыцый) можа скараціцца. З іншага боку, некаторыя праекты замежных інвестараў застаюцца «ў закладніках» Лукашэнкі, бо разлічаны на доўгі тэрмін, і інвестары прымаюць рашэнне працаваць у краіне на не вельмі прыемных умовах, у спадзеве вярнуць хоць штосьці з укладзеных сродкаў.