Калі беларусы пачнуць змятаць з паліц айчынныя тавары?

Чаму беларускія вытворцы не вытрымліваюць канкурэнцыі з замежнымі прадпрыемствамі?

belr.png

Імпарт нехарчовых тавараў у Беларусь за 8 месяцаў бягучага года вырас на траціну.
Паводле афіцыйных дадзеных за гэты перыяд у нашу краіну паставілі спажывецкіх тавараў на 5,29 мільярда даляраў.
Чым абумоўлены рост імпарту ў Беларусь?
— Рэальны заробак павышаецца, а лішнія рублі нашы людзі заўсёды марнуюць на якасную імпартную прадукцыю, — адзначае доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.
Такім чынам, па словах прафесара, выцясняецца не толькі прадукцыя айчынных прамысловых прадпрыемстваў, але і вытворцаў прадуктаў харчавання.
— Хоць большасць харчовых тавараў у нас беларускія, але завозяць, напрыклад, польскія яблыкі, у той час як свой ураджай застаецца, — гаворыць эксперт.
— Чаму ў Беларусі так і не запрацавала належным чынам праграма імпартазамяшчэння?
— Айчынныя вытворцы не могуць канкурыраваць з замежнымі прадпрыемствамі. Так, многія рэчы ў нас пачалі рабіць лепш, але кітайскія — не горш і танней.

Трэба павышаць якасць і зніжаць кошты. А для гэтага неабходна мадэрнізаваць прадпрыемствы. У нас нешта робіцца. Да прыкладу, беларуская мэбля ці побытавая тэхніка адносна недарагія і якасныя. Але астатняя прадукцыя, як правіла, не здольная канкураваць з замежнымі аналагамі.

— Як беларускі ўрад мог бы збалансаваць экспарт і імпарт?
— Трэба выціскаць імпарт з айчыннага рынку і нарошчваць экспарт за кошт высокай якасці і невялікага кошту. Для гэтага неабходна прарывацца на рынкі далёкай дугі. У апошні час наш экспарт павялічваецца. Пасля мадэрнізацыі некаторыя мэблевыя прадпрыемствы нарасцілі пастаўкі на расійскі рынак, які застаецца асноўным.
Але трэба памятаць добрую формулу, пра якую сказаў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей: траціна імпарту на еўрапейскі рынак, траціна — на краіны далёкай дугі і траціна — у Расію. Але, на жаль, з 50% расійскага экспарту мы ніяк злезці не можам, на Еўропу прыходзіцца адсоткаў 25.
— Што перашкаджае ажыццявіць гэты план?
— Патрэбна рэформа. Такая, якую нам рэкамендуе МВФ і нават расійскія крэдыторы: перабудаваць дзяржкіраванне, менеджмент прадпрыемстваў, каб наш дырэктарат і працоўныя калектывы былі ўласнікамі, а не наёмнымі работнікамі. Варта таксама ачысціць эканоміку ад страшных даўгоў, тады яна будзе здольная мадэрнізавацца.
Паводле Заўтра тваёй краіны